Што ж такое страшна паказаць прыватным прадпрымальнікам, што абсалютна не баяцца дэманстраваць на вытворчасці ў дзяржаўных установах? Так і не высветлілі гэта пытанне ўдзельнікі мабільнай групы райвыканкама.
У час свайго маніторынгу на гэтым тыдні наведалі Палескі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта», дзе адзначылі нямала ўзорных момантаў. Усім бы так арганізаваць работу і аператыўна рэагаваць на заўвагі. Бо робім іх не з-за жадання крытыкаваць, а дзеля далейшага выпраўлення памылак і прадухілення магчымых праблем.
Звярнуліся і да ўладальнікаў двух хойніцкіх аўтасерві-саў. Там, на жаль, удзельнікі мабільнай групы не змаглі апынуцца на самой тэрыторыі рамонтных памяшканняў – у радыкальнай форме прадпрымальнікі (абодва) адмовілі спецыялістам нават перайсці парог. Гутарылі на вуліцы.
Тлумачылі мясцовыя бізнесмены свае адмовы проста: іх не папярэдзілі аб візіце, не далі падрыхтавацца.
Такая рэакцыя на візіт мабільнай групы – не навіна, але ж і аргументы слабыя. Яшчэ раз паўтаруся: выязджаем са спецыялістамі на аб’екты не для таго, каб палаяцца ці выпісаць штрафы, а каб параіць карысныя спосабы выпраўлення памылак, літаральна на кожным кроку тлумачым, што зрабіць, каб не трапіць пад крытыку і не дачакацца прадпісанняў.
Дарэчы, спіс адрасоў, куды на бягучы месяц завітае з маніторынгам мабільная група, знаходіцца на сайце райвыканкама ў вольным доступе – раздзел «Ахова працы». Карыстайцеся, калі ласка.
Д. АЎДЗЕЕНКА, начальнік аддзела па пытаннях ЗСПА ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.