100 рэчаў, якія зробяць журналісты раёнкі: ✔ Набыць сувенір з нацыянальнай сімволікай

Это Беларусь моя

Журналісты выконваюць заданні са спісу «100 рэчаў, якія варта зрабіць у Беларусі»

На мінулым тыдні пашанцавала паехаць у сталіцу.

Прызнаюся, у чарзе заданняў было нямала прапаноў, што зрабіць у Мінску. Але ў маім насычаным графіку хапіла часу толькі на шопінг.

Пакуль хойніцкая дэлегацыя выбірала сабе абноўкі ў магазіне «Мерч ад Першага», заўважыла яшчэ адзін яркі астравок у гандлёвым цэнтры. Там выстаўлены самыя розныя тавары з беларускай сімволікай. Больш за ўсё спадабалася брошка ў выглядзе васілька. Якая прыгажосць! Але кошт крыху працвярозіў – амаль 40 рублёў. Яшчэ пашукаю.

Ручнікі, сурвэткі, посуд і адзенне – на ўсім красаваліся арнаменты, васількі і дэвізы. Побач стаялі лялькі ў нацыянальных уборах, ляжалі капелюшы, разнастайныя магніцікі. Зразумела, што адысці ад прылаўка без пакупкі проста немагчыма.

Мне так і хацелася выбраць нешта, чым бы я карысталася як мага часцей, каб любавацца на прыгожы беларускі ўзор. Што ж гэта можа быць? Так! Набуду сабе шкарпэткі! Беленькія, з тонкім малюнкам наверсе. І цана прываблівала – танней за 4 рублі. Выбрала з раслінным узорам – доўгая галінка з чырвонымі ягадкамі.

Як высветлілася, кожны малюнак беларускага арнаменту нясе свой сакральны сэнс. Мае ягадкі, напрыклад, сімвалізуюць багаты ўраджай. Апранаць адзенне з такім узорам – прыцягваць удачу і шчаслівы лёс, багацце, дабрабыт.

Нашто ж я берагу сталічны сувенір?! Трэба хутчэй надзяваць.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *