Бліц-апытанне: якія культурныя традыцыі блізкія хайнічанам

Наши проекты

Наша краіна багатая на старажытныя традыцыі. Іх мы імкнемся захоўваць і выкарыстоўваць.

Нямала таго, чым можна ганарыцца, і на Хойнікшчыне. Пацікавіліся, што больш за ўсё цэняць нашы землякі.

Лізавета ХАТЫЛЁВА:

– Хаця я родам з Калінкавіч, але ж Хойнікі даўно сталі маёй другой радзімай. Тут сям’я, работа, новыя сябры. Разам імкнемся паўдзельнічаць у самых розных народных святах. Так душэўна, весела і самабытна святкуюць на Хойнікшчыне. Прыемна і знаёмым расказаць пра ўнікальны абрад «Провады русалкі» – сапраўдны брэнд нашага раёна.

Аляксандр КАЗЛОЎ:

– Ганаруся тым, што хайнічане – надзвычай ветлівыя і гасцінныя людзі. Каб давесці гэты факт, звярніце ўвагу ў наступным годзе, як многа людзей прыязджае з блізкага замежжа на нашу зямлю. Зразумела, гэта ўраджэнцы Хойнікшчыны наведваюць малую радзіму. Але калі б тут іх не чакалі хлебасольныя сябры і родныя, такога наплыву не было б.

Наталля МАЛІНОЎСКАЯ:

– Хаця па роду працы часта сутыкаюся з самымі рознымі культурнымі традыцыямі нашага раёна, але ж вылучу нашу схільнасць рупліва працаваць. Хайнічане ўмеюць і любяць работу, асабліва калі яна на карысць нам усім. Доказы? Самі ўспомніце, як прадуктыўна мы ўдзельнічаем у суботніках, месячніках па навядзенню парадку на зямлі. Талакой і вынікі адразу бачны.

Вячаслаў СЛЕСАРЭНКА:

– Мне падабаецца, што ў Хойніках зберагаем традыцыю калядаваць. І сам сёлета з сябрамі хадзіў па гасцінцы. Так, мы рыхтаваліся загадзя, вершыкі святочныя вучылі, маскі шукалі самыя запамінальныя. Каб гаспадары адкрылі нам дзверы і адразу цукеркі аддавалі. Мяркую, у вялікіх гарадах такое проста не пабачыш.

Апытвала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *