У Добрушы сёння стартуе ХХІХ свята друкаванага слова

Общество

Куды і адправіліся хайнічане

Штогод у першую нядзелю верасня ў нашай краіне праводзіцца Дзень беларускага пісьменства. Гэта дэманстрацыя непарушнага адзінства беларускага друкаванага слова і гісторыі нашага народа, яго цеснай сувязі са славянскімі вытокамі, пераасэнсаванне гістарычнага шляха пісьменства і друку Беларусі.

Падзея сканцэнтравала шматлікія мерапрыемствы, а таксама ўзнагароджанне пераможцаў конкурса на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычныя канферэнцыі і многае іншае.

Свята традыцыйна праходзіць у гарадах, якія сталі гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню ў 1994 годзе яно адбылося ў старажытным горадзе Полацку. Затым сталіцамі Дня пісьменства сталі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўль, Мсціслаўль, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокое, Быхаў, зноў Заслаўль, Шчучын, Рагачоў.

Чым праслаўлены Добруш?

Тут была заснавана першая ў Беларусі папяровая фабрыка (1870) і фарфоравы завод, а знакамітым ураджэнцам Добрушскага края быў класік нацыянальнай літаратуры – пісьменнік, сцэнарыст і драматург Іван Шамякін. Помнік гэтаму вялікаму майстру слова адкрываюць гэтымі днямі ў яго родным горадзе.

Сёлета ў нашай краіне праходзіць Год гістарычнай памяці. Таму ўдзельнікі свята абавязкова ўскладуць кветкі да мемарыяльнага комплекса «Памяць», дзе пахаваны салдаты Чырвонай арміі, якія загінулі ў час барацьбы за вызваленне Добруша.

Дзясяткі тэматычных пляцовак прадстаўляюць нашы выдавецтвы, асобна працуе цэлы «Паштовы павільён», а «Газетны бульвар» аб’яднаў шматлікія рэдакцыі раённых газет. З гонарам паведамляем, што ўдзел у ім прымае і калектыў «Хойніцкіх навін». Як, дарэчы, і ў мінулыя Дні пісьменства.

Свой падарунак Хойнікшчына зрабіла завочна: у Добруш адправілі дзве лавачкі, якія зрабілі па спецыяльных эскізах у тэматыцы падзеі. Абавязкова пазнаёмім вас з імі.

У цэлым, у час свята ў Добрушы разгарнуцца каля 20 асноўных пляцовак.

Па традыцыі будзем трымаць вас, паважаныя чытачы, у курсе падзей. Усе самыя свежыя навіны пра наш удзел і таксама выставу раённай бібліятэкі (яны падрыхтавалі сапраўды ўнікальны праект) глядзіце на нашым сайце і ў сацыяльных сетках. І, вядома, у наступны­­м выпуску раёнкі.

+

Падрыхтавала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота planetabelarus.by, sb.by, belta.by і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *