Палац культуры і тэхнікі «Нафтавік» у Рэчыцы сабраў больш за 700 жыхароў з розных куткоў Гомельшчыны.
Яны прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная». У гэтым годзе праект праходзіць у новым фармаце і ў адпаведнасці з тэматыкай Года гістарычнай памяці.
У склад экспертаў увайшлі рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Вячаслаў Даніловіч, старшыня Пастаяннай камісіі па навуцы, адукацыі і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк і старшыня праўлення дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Веды» Вадзім Гігін. На старце ў Рэчыцы да іх далучыўся загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі ГДУ імя Ф. Скарыны Мікалай Мязга.
Пагутарыць з вядучымі беларускімі гісторыкамі прыехалі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, журналісты, студэнты. Дэлегацыя Хойніцкага раёна таксама не прапусціла такую важную і цікавую сустрэчу з навукоўцамі.
Яшчэ да пачатку бяседы са спікерамі гледачам прадставілі розныя экспазіцыі. Рабяты з БРСМ прапанавалі сабраць «Беларусь адзіную» – драўляную спілс-карту. «Палеспячаць» прэзентавала спецыяльныя тэматычныя аўтамабільныя налепкі, рамесніцы частавалі прысмакамі ручной работы.
Нагадаю, Дзень народнага адзінства сёлета наша краіна адзначыць у другі раз. У ліку ключавых мерапрыемстваў менавіта праект «Беларусь адзіная». І калі ў мінулым годзе ён быў прымеркаваны вынікам Вялікай размовы з Прэзідэнтам, то сёлета акцэнт зроблены на анлайн-урок з Аляксандрам Лукашэнкам. Дарэчы, да 17 верасня адкрытыя дыялогі пройдуць ва ўсіх абласцях краіны і ў Мінску.
Уражаннямі ад акцыі, якая стартавала ў Рэчыцы, падзяліўся намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Кушнер:
– Як адзначыў Вадзім Гігін, беларусы хочуць разабрацца ў сваёй гісторыі, каб больш дакладна ўяўляць сучаснасць і бачыць перспектывы. Нездарма гавораць, што гісторыя – настаўніца жыцця. Сапраўды гэта так. Я б хацеў, каб такіх сустрэч было як мага больш. Гэта магчымасць паслухаць людзей, якія разумеюць усе працэсы, што адбываюцца ў дзяржаве, і могуць расказаць пра гэта аўдыторыі зразумела, захоплена, цікава. Зберагчы гістарычную памяць зараз патрэбна як ніколі раней. Мы мусім яе ўмацоўваць і нікому не даваць перапісваць нашу гісторыю.
На мой погляд, эксперты з лёгкасцю, абгрунтавана развейвалі на сцэне ўсе фэйкі, якія перыядычна з’яўляюцца ў сацсетках.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.