Падарункі свята народнага адзінства: патрыятычны форум, вербная алея, канцэрты і спартыўныя мерапрыемствы

День народного единства

Шырока і гучна святкуем другі год запар.

Дзень народнага адзінства – гэта адзін з найважнейшых урокаў гісторыі, які аб’ядноўвае ўсіх нас разам будаваць будучыню нашай краіны.

Мы ставім сябе як нацыя, якая перадае з пакалення ў пакаленне лепшыя традыцыі, сямейныя каштоўнасці, павагу, пачуццё згуртаванасці і адказнасці за блізкіх і родных людзей, за мясцовасць, дзе нарадзіўся, за краіну, у якой мы жывём. Дзень народнага адзінства служыць нам напамінам, што мы з’яўляемся адной вялікай сям’ёй і гэтым гуртом імкнемся заўжды ствараць карыснае, дарыць адзін аднаму радасць, дзякаваць продкам.

17 верасня ва ўсіх сельсаветах нашага раёна прайшлі тэматычныя мерапрыемствы і гучныя канцэрты. У Хойніках святкаванне аб’яднала спорт, добраўпарадкаванне і, вядома, творчыя падарункі.

Да свята у прафесійным ліцэі правялі майстар-клас па прыгатаванню страў нацыянальнай кухні «Смачна, нацыянальна!». Вынікі працы ліцэісты прэзентавалі на дэгустацыі: духмяныя гарачыя дранікі, густая мачанка, запечаныя з мёдам ружовыя і жоўтыя яблыкі і ўзвары з гарбатай, а таксама пухнастыя блінцы. Смаката! Гасцямі сталі першакурснікі ўстановы і педагогі суседніх навучальных устаноў. Запрасілі паспрабаваць знакамітыя стравы ў выкананні юных павароў намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Кушняра.

Сяргей Мікалаевіч да таго ж выканаў у ліцэі ўрачыстую місію – уручыў заслужаную ўзнагароду пераможцу конкурса «Я і мая краіна Беларусь!». Па выніках галасавання на старонках сацыяльных сетак прафесійнага ліцэя большую колькасць лайкаў атрымаў фотаздымак першакурсніка Кірыла Сінгаеўскага.

У гонар свята прырасла ў даўжыню Алея народнага адзінства, што летась стварылі каля помніка Смутку. Уздоўж дарогі стала яшчэ больш маладзенькіх вербаў. Добрую справу разам са школьнікамі зрабілі старшыня райсавета дэпутатаў Галіна Бондар, намеснікі старшыні райвыканкама Дзмітрый Шынкарэнка, Сяргей Кушнер і Анатолій Гура, а таксама ўпраўляючы справамі райвыканкама Таццяна Протчанка, начальнік РАУС Сяргей Жаўняк і першы намеснік начальніка РАНС Андрэй Валяваты. Удельнікі дабрачыннай акцыі ўсклалі кветкі на Братэрскую магілу, ушанаваўшы памяць продкаў мінутай маўчання.

Спартыўнае свята стала працягам насычанай праграмы тэматычных мерапрыемстваў. Збіраць бульбу з закрытымі вачыма і выстаўляць шашкі на хуткасць спатрэбілася камандам «Страла» (прафесійны ліцэй) і «Вышэйшая ліга» (прадстаўнікі органаў улады) у спаборніцтвах «У адзінстве наша моц». Ліцэісты аказаліся больш шпаркімі і перамаглі супернікаў. За гэта заслужаныя падарункі камандзе перадаў першы намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Шынкарэнка.

Непасрэдна 17 верасня хайнічане прысутнічалі на маштабных святочных мерапрыемствах у раённым Доме культуры, дзе гледачоў радавалі выступленнямі артысты мясцовай мастацкай самадзейнасці, а таксама ў гомельскім Палацы культуры чыгуначнікаў. Пабывалі нашы землякі і на патрыятычным форуме «Гэта НАША гісторыя!» у «Мінск-Арэне». Там да ўдзельнікаў сталічнай урачыстасці з усіх рэгіёнаў краіны асабіста і да гледачоў у прамым эфіры звярнуўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Больш за 9 тысяч удзельнікаў, вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі міжнародных арганізацый, кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў сталі сведкамі знакавага мерапрыемства для краіны.

Патрыятычны форум у «Мінск-Арэне» сёлета прайшоў з выкарыстаннем самых апошніх тэхналагічных навінак і сучасных спецэфектаў. У самой пастаноўцы ўдзельнічалі больш за 2 тысячы таленавітых беларускіх артыстаў.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара і Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *