Аднойчы, калі яшчэ вучылася на журфаку, давялося мне размаўляць з супрацоўнікам крымінальнага вышуку аднаго са сталічных аддзелаў унутраных спраў.
Гутарка ішла пра работу міліцыянера, крыху закранулі біяграфію. І тут мужчына запытаў: «А вы адкуль родам?» У юнацтве мне было нязручна пра гэта расказваць – нібыта правінцыя ды яшчэ рэпутацыя рэгіёна, які пацярпеў ад чарнобыльскай аварыі, уплываў. Словам, я неяк нязграбна стала тлумачыць пра родныя Хойнікі і дзе гэтыя мясціны знаходзяцца.
Раптам суразмоўца павесялеў і радасна загаварыў. Дыялога пра адказную і сур’ёзную работу быццам і не было. Высветлілася, што сам ён з Мазыра, а яго бабуля жыла ў аграгарадку Глінішча. І што Дом-музей Івана Мележа – самы яркі ўспамін пра бесклапотнае дзяцінства і рамантычнае юнацтва.
Мне стала цікава, што рамантычнага зямляк знайшоў у музеі пісьменніка? Зноў здзівіў міліцыянер: а як жа каханне Васіля ды Ганны? А Хойнікшчына – літаратурная радзіма самай трагічнай і тым не менш рамантычнай гісторыі. Да слова, гэты расповед дапамог Віктару (так звалі гэтага міліцыянера) скарыць сэрца яго на цяперашні момант жонкі Святланы. Мужчына доўга заляцаўся да сваёй мілай дзяўчыны, а прапанову ажаніцца зрабіў якраз у Глінішчах. Уяўляеце, што робіць талент! Аб’ядноўвае сэрцы.
І не толькі іх. Запытайце ў Полацку, Ваўкавыску ці Брагіне – ведаеце пра Івана Мележа? Там вам гарантавана раскажуць і пра творчасць нашага з вамі земляка, і пра ўрокі беларускай літаратуры ў школе, калі ўсім класам чыталі першую частку трылогіі «Палеская хроніка».
Летась абмяркоўвалі с суседкай творчасць Івана Паўлавіча. Сышліся на думцы, што раман пра жыццё палешукоў варта перачытваць кожныя 10 гадоў.
У маладосці хвалюешся, ці змогуць галоўныя героі Васіль Дзятлік і Ганна Чарнушка быць разам, альбо які ўсё ж Яўхім – антаганіст і хай бы яму грэц!
А пазней, калі пройдзе час, вырастуць свае дзеці, пачынаеш нарэшце крыху разбірацца ў жыцці, станеш захапляцца менавіта Яўхімам, які не паслухаў бацькоў і выбраў сабе нявесту па густу, не паглядзеў, што яна з беднай сям’і і не мае добрай спадчыны. Цікавая думка, варта яе праверыць.
Напярэдадні чарговага дня нараджэння Івана Мележа – прапаную далучыцца да святкавання. Адзначым 8 лютага імяніны пісьменніка карысна – прачытаем хаця б па адным раздзеле бессмяротнага твора «Людзі на балоце».
Алеся ЯЧЫЧЭНКА, адказны сакратар.