Слова Івана Мележа крочыць па свеце: адзначылі 102 гады з дня нараджэння пісьменніка

Культура Общество

Як кажа пляменніца пісьменніка Івана Мележа Лілія Краўчанка, што так любіць сваю малую радзіму, так паважаць, цаніць, любіць глінішчукоў, як гэта ўмеў рабіць наш славуты зямляк, могуць не ўсе.

А інакш не ўдаўся б яму знакаміты твор «Людзі на балоце», аб якім гаворыць увесь свет. Менавіта ў ім ён так душэўна апісаў каханне Ганны і Васіля, пазнаёміў чытачоў са шчырасцю і гумарам сяльчан, якія мараць аб шчасці і светлай будучыні.

Сёння мы разам адзначылі 102 гады з дня нараджэння нашага знакамітага земляка Івана Мележа. Аграгарадок Глінішча стаў месцам прыцягнення людзей: тут гучалі добрыя словы, песні (у тым ліку яго любімая «У канцы грэблі шумяць вербы»), праніклівыя вершы, былі нават танцы. Усклалі кветкі да помніка каля Дома-музея Івана Мележа.

Госці святочнага мерапрыемства акунуліся ў літаратурную творчасць імянінніка з дапамогай фотаздымкаў аўтара і асабістых рэчаў народнага пісьменніка Беларусі. Артысты мастацкай самадзейнасці раёна дарылі гледачам канцэртныя нумары. Маленькія землякі таксама аддзячылі кампазіцыямі.

Удзел у мерапрыемствах прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Кушнер, супрацоўнікі пагранзаставы «Хойнікі», члены Маладзёжнага парламента і аднавяскоўцы.

Як адзначыла Галіна Віктараўна, мы ўсе павінны памятаць Івана Мележа, чалавека, які праславіў Хойнікшчыну. Плануецца пасмяротна таленавітаму земляку прысвоіць званне «Ганаровы грамадзянін Хойніцкага раёна».

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *