Традыцыі і абрады: як хайнічане ў сваты хадзілі — гарбуза ім не выкацілі

Культура

Добрая справа – жаніцца. І бацькі не супраць. Наадварот, падтрымалі і свайго хлопца ў сваты павялі.

Гэта не прыказка, а рэальная гісторыя, якая здарылася сёння з нашымі землякамі.

Хойніцкая сям’я Аляксандра Фёдаравіча і Наталлі Міхайлаўны Віннік вырашыла падтрымаць свайго сына Антона у важнай справе – абмеркаванні будучага вяселля з абаяльнай нявестай Таццянай. Да гэтага муж і жонка падыйшлі крэатыўна – запрасілі з сабой да сваіх будучых сватоў моцную групу падтрымкі – артыстаў аматарскага аб’яднання «Спадчына» Лілію Краўчанка, Ірыну Кускову і Васілія Найдзенку. Зразумела, не забыліся і пра кветкі і падарункі.

Такой яскравай камандай землякі і рушылі да хаты сям’і Аляксандра Мікалаевіча і Святланы Мікалаеўны Ходас. Там і правялі старадаўні абрад сватаўства. Ведаеце, гэта ўсе прысутныя запомняць на ўсё жыццё. Быў і каравай на рушніку, і песні, і вершы пра станоўчыя якасці жаніха, і спеўкі пад баян.

Абавязкова запыталі нявесту, ці даспадобы ёй нарачоны, ці згадзіцца такая прыгажуня і малайчынка ажаніцца з маладым мужчынам. На ўсе пытанні Таццяна адказала «да!». Хутка маладым абвязалі запясці, каб і надалей яны крочылі побач.

Спадзяёмся, вяселле не за гарамі.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *