Хойніцкая майстрыха Вольга Шляхценка сакрэты ведае: жаніха заклікаць – званочак, а багацце – венічак

Год мира и созидания Культура

Чвэрць стагоддзя майстар народных мастацкіх рамёстваў раённага Дома рамёстваў Вольга Шляхценка зберагае старадаўнюю справу – саломапляценне.

Дарэчы, гэта майстэрства, як і імя хойніцкай майстрыхі, летась занесена ў рэпрэзентацыйны спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Акрамя ведаў пра гэта ўменне, наша зямлячка добра разбіраецца, які амулет трэба сплесці, каб потым у хаце багацце пасялілася ці нават жаніх да дзяўчыны добры прыйшоў.

Зараз у Вольгі Данілаўны спраў нямала: на наступным тыдні ў Гомелі пачынаецца абласны конкурс-плэнэр па саломапляценні «НаРоднае золата», вось зямлячка і рыхтуецца. Конкурс арганізаваны абласным цэнтрам народнай творчасці і прысвечаны Году міра і стварэння.

Запыталіся ў Вольгі Данілаўны, якія абярэгі ў сучаснасці папулярны сярод нашых землякоў і гасцей Хойнікшчыны. Высветлілася, что вялікая зацікаўленасць маецца да плеценых званочкаў. Раней такія замаўлялі нават выпускнікі ў гонар апошняга школьнага званка. Але ж ёсць у гэтага сімвала яшчэ адно значэнне – моцная ахова ад кепскай энергіі. Павесіш такі каля дзвярэй – поспех, дабрабыт і нават каханне ў хаце паселяцца. Маладыя дзяўчаты могуць такі званочак прымацаваць каля ўваходу ў хату – жаніх добры хутка на парозе з’явіцца.

Дарослыя гаспадыні ў сваім доме трымалі яшчэ адзін саламяны абярэг – венік. Такі сувенірны талісман трымаюць на кухні мяцёлкай наверх. Каб у сям’і заставалася багацце, венічак упрыгожваюць крупамі і зернем – сімваламі дастатку. І тут Вольга Данілаўна дзеліцца сакрэтам: ёсць сэнс, якімі менавіта крупамі будзе венічак упрыгожаны. Хочаце зберагчы сям’ю цэлай – грэчку замацуйце, жадаеце мужчынскае здароўе падоўжыць – перац гарошкам дадавайце на абярэг, кукурузу – каб род не супыніўся і дзеткі радавалі.

Кветкі, сплеценыя з залацістай саломкі, таксама сімвалізуюць дастатак – такія букеты добра дарыць на наваселле. І павука саламянага можна ў хату прынесці – у адрозненні ад сапраўднага, залаты павук на сваёй павуціне сімвалізуе мадэль ідэальнага свету, сувенір здольны спужаць ворагаў, што пра вас нядобрае задумалі. Ці вось не ведае кабетка, што любімаму мужчыне ў падарунак выбраць. І тут выручаць нашы мясцовыя майстры – прапануюць каня саламянага прэзентаваць. Гэта сімвал здароўя, мужчынскай сілы, поспеху і перамогі, каб каханы быў заўсёды «на кані».

Ох, колькі абярэгаў і сувеніраў вырабляюць у раённым Доме рамёстваў! Лепей самі прыходзьце і гасцей туды запрашайце. Вам будуць ведьмі радыя! І адрас не забывайце: г. Хойнікі, вул. Калесніка, 79.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *