Сёння ў Цэнтры культуры адбылося яскравае свята дзіцячай творчасці «Які прыгожы гэты свет!».
Нездарма гэтыя радкі пішу менавіта на роднай усім нам беларускай мове: фестываль сёлета прысвяцілі Радзіме і яе няпростай гісторыі. Так, і самыя маленькія нашы землякі выдатна справіліся з мэтай – паказаць праз творчыя нумары галоўныя вехі няпростага шляху Беларусі і трыумфу яе мірнага жыцця.
Бацькі хочуць ганарыцца сваімі дзецьмі, бо галоўны сэнс жыцця ў тым і заключаецца, каб паўтарыцца ў іх, перадаць усё самае лепшае. І можна зразумець хваляванне мам, тат, бабуль і дзядуль, якія прыйшлі ў залу Цэнтра культуры г. Хойнікі на раённы фестываль, прымеркаваны да Дня аховы дзяцей.
Хваляванні дарослых аказаліся беспадстаўнымі. Маленькія артысты выдатна падрыхтаваліся, трымаліся ўпэўнена, і ўсе слухачы атрымалі задавальненне, бадай, не меншае, чым бывае гэта на канцэртах прафесійных артыстаў.
Навізна, арыгінальнасць, дзіцячая непасрэднасць пакарылі залу. Варта адзначыць, што выхаванцы дзіцячых садкоў з Судкова, Веляціна, Глінішча, Стралічава і Казялужжа ні ў чым не саступалі сваім гарадскім равеснікам.
Амаль палову канцэртнай праграмы складалі танцавальныя нумары, але знайшлося месца для моднага дэфіле, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі прайшліся ў ільняных уборах. Брава, куцюр’е!
За развіццё творчага патэнцыялу дзяцей дашкольнага ўзросту і актыўны ўдзел у раённым фестывалі ўсе калектывы дзіцячых садоў шчодра ўзнагароджаны. Маленькіх, але такіх таленавітых дзетак цёпла падзякавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар і прыпаднесла артыстам вялікі кошык цукерак. Да гэтага цудоўнага жэсту далучыліся таксама намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Кушнер і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Тупіца.
Не забыліся павіншаваць юных землякоў і спонсары свята. Імі сталі неабыякавыя людзі: лідары раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў «Фонд міру» Наталля Ешчанка і «Белая Русь» Аксана Мяцельская, муж і жонка Аляксандр і Любоў Гардзейчык, а таксама індывідуальны прадпрымальнік Іван Валяваты. Гэтыя людзі на памяць пра светлую падзею перадалі арганізатарам свята карысныя гульнявыя наборы для дзіцячых садкоў.
Багатая на таленты наша Хойнікшчына. Дастойная змена падрастае, каб падхапіць і панесці эстафету бацькоў. Асобна варта выразіць падзяку музычным кіраўнікам дашкольных устаноў, якія змаглі разам з самымі маленькімі рабятамі ўвасобіць гэта бліскучае і кранальнае свята!
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.