На купальскую ночку запрашалі землякоў — адгукнулася нямала

Культура Общество

Сапраўды, вялікая колькасць хайнічан сёння, напярэдадні купальскай ночы, завіталі на вадаём па вул. Лермантава райцэнтра, каб атрымаць асалоду ад традыцыйнага славянскага абраду Купалле.

Спецыяльна для гэтага работнікі культуры нашага раёна падрыхтавалі фальклорнае свята «Купальская ночка чароўная».

Тут было ўсё, чым славіцца беларускае Купалле: народныя песні ў выкананні артыстаў народных аматарскіх аб’яднанняў «Спадчына», «Грамада», «Хлопцы.BY» і калектыву «РаДніК», сольных выканаўцаў і танцавальнага калектыву «Рытм». 

Не забыліся пра старадаўнія традыцыі – гаданні бабкі Кілікеі на вянках, але спачатку гэтыя вяночкі незамужнім хайнічанкам варта было сплесці. І нічога страшнага, калі дзяўчына гэтага не ўмела.

Дзеля майстар-класу «Як вянок звіваць» працавітыя работніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі і раённага Дома рамёстваў падрыхтавалі хіба не цэнтнер кветах і папараці. Любая зацікаўленая дзяўчына магла падысці да падворка і з дапамогай майстрых зрабіць вяночак па густу. Эксклюзіўны!

Далей гэтыя «экалагічныя» паведамленні варта было па вадзе пусціць – па традыцыі зацікаўлены ў зносінах хлопец павінен быў такі вяночак спаймаць і падысці з ім да дзяўчыны. Вось такі спосаб будаваць пару нам продкі пакінулі. З гэтым справіліся, можна і вакол вогнішча пахадзіць.

Сёлета касцёр здалёк было відаць – работнікі лясгаса забяспечылі свята дровамі ў выглядзе 4-мятровых дошак, кастрышча атрымалася эпічнае, як па-сучаснаму кажуць. Ну дык і свята яркае!

Яшчэ доўга каля вады адпачывалі хайнічане – здаецца, з цягам мерапрыемства іх станавілася ўсё болей і болей. А песні гучалі і гучалі…

Эх, хараство!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *