Знаёмім з людзьмі, якія занесены на раённую Дошку гонару па выніках работы за 2022 год.
Ідэальны мужчына – які ён? А вось і адказ – цікавы, харызматычны, працавіты, прыстойны. Любячы муж, узорны бацька двух дарослых дзяцей і малады дзядуля. І ўсё гэта пра нашага героя.
Маё першае месца работы Хойніцкі рамонтны завод. Пачаў працу ў 1991 годзе ў маторным цаху па спецыяльнасці слесар па рамонту матораў.
Любімая страва ў нашай сям’і – гэта дранікі.
З юнацтва захапляўся мапедамі, матацыкламі, аўтамабілямі, таму мая прафесія вадзіцеля – лагічны працяг гэтага хобі.
Ахарактарызаваць сябе ў двух словах, вядома, цяжкавата. Але думаю, што я працавіты. А яшчэ вельмі люблю чысціню, парадак і патрабую гэтага ад усіх.
Нічога памяняць у сваім жыцці не хацеў бы, у мяне ўсё склалася, як я гэтага і жадаў: дом, жонка, дзеці, маленькая ўнучка, любімая праца.
Самы вялікі страх – страх за жыццё, здароўе блізкіх і родных. Вельмі хвалююся за бацькоў.
Я адношуся да людзей, якім можна даверыць сакрэты. Ды і ў прынцыпе ніколі не называлі балбатуном. Нават на ваша інтерв’ю з цяжкасцю пагадзіўся (усміхаецца).
Вадзіцель транспартнага ўчастка павінен валодаць такімі якасцямі, як адказнасць, ахайнасць, камунікабельнасць і тактоўнасць.
Поспех – гэта і шанцаванне, і праца над сабой. У маім выпадку, аднак, гэта толькі штодзённая ўпартая праца.
Адпачываць люблю адназначна на прыродзе – рэчка, рыбная лоўля. Наогул аддаю перавагу актыўнаму адпачынку, а ляжаць на канапе – гэта зусім не пра мяне.
Больш за ўсё ганаруся маімі дарослымі дзецьмі, двайняткамі Эльвірай і Яўгеніем.
Самы найлепшы, яркі і памятны падарунак, які калі-небудзь атрымліваў – гэта ўнучка Алінка.
На крытыку ў свой адрас рэагую спакойна: спачатку выслухаю, прыйду да высновы, а потым зраблю па-свойму.
Не магу абысціся ні дня без справы. Толькі святочныя дні могуць паламаць мае планы, тады даводзіцца адпачываць (усміхаецца).
Вельмі шкадую, што пасля заканчэння вучылішча з чырвоным дыпломам, кінуў вучыцца па спецыяльнасці «механік» і прапусціў магчымасць кар’ернага росту. Віной усяму маладосць, спантаннасць.
Ларыса КАПЫЛОВА.
Фота аўтара.