Прапануем зазірнуць у гісторыю і пачытаць, пра што пісала раёнка 17 верасня – у гонар аб’яднання беларускіх тэрыторый.
1951 год
«12-я гадавіна ўз’яднання беларускага народа»
«У вераснёўскія дні 1939 года, калі ўторгнуўшыяся ў Польшчу гітлераўскія полчышчы зрабілі спробу прасунуцца да свяшчэнных рубяжоў нашай Радзімы, войскі Савецкай Арміі выканалі ўказанне вялікага правадыра савецкага народа таварыша Сталіна і ўступілі на тэрыторыю Заходняй Беларусі.
Гвалтоўна адторгнутыя ад сваіх братоў-беларусаў, працоўныя Заходняй Беларусі, якія многія гады таміліся пад прыгнётам польскіх капіталістаў і памешчыкаў, з лікаваннем сустрэлі доўгачаканую гадзіну свайго вызвалення».
1959 год
«У дружнай сям’і народаў СССР»
«Дваццаць год таму назад у жыцці беларускага народа адбылася важная гістарычная падзея. Дзякуючы братняй дапамозе народаў Савецкага Саюза ён быў уз’яднаны ў адзінай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай дзяржаве.
Вядома, што ў 1920 годзе ў цяжкія для маладой Савецкай дзяржавы дні польскія памешчыкі і капіталісты пры падтрымцы іншых імперыялістычных дзяржаў гвалтоўна адарвалі ад нашай Радзімы заходнія вобласці Беларусі. На працягу двух дзесяцігоддзяў працоўныя гэтых абласцей разам з працоўным польскім народам знаходзіліся пад прыгнётам капіталістаў.
Насельніцтва заходніх абласцей Беларусі з надзеяй накіроўвала позіркі на Савецкі Саюз. І гэты радасны дзень прыйшоў».
1963 год
«Наперадзе – толькі развіццё на карысць Радзімы»
«У заходніх абласцях Беларусі атрымлівае далейшае развіццё сельская гаспадарка. Яна будзе спецыялізавацца ў напрамку інтэнсіўнай малочнай і мясной жывёлагадоўлі, мясной свінагадоўлі, развядзення вадаплаўнай птушкі, на вытворчасці бульбы, ільну і цукровых буракоў.
Сямігодка адкрыла яшчэ больш велічныя перспектывы перад Савецкай Беларуссю. Значная доля бюджэту пайшла на будаўніцтва новых прадпрыемстваў у заходніх абласцях».
У мінулае заглядвала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.