Тутэйшыя: суседзям і гасцям у Куравым рады – тут чакаюць за стол на Каляды

Тутэйшыя

Нарэшце восень стала падобная сама на сябе. Самы час праверыць, ці хапае на зіму нарыхтовак, ці ёсць, чым хату грэць у маразы. У такі сезон рушылі ў госці да жыхароў вёскі Куравое.

Там нас ужо чакаў упаўнаважаны – мясцовы жыхар Данііл Акушка. Ён працуе трактарыстам у аддзяленні «Велікаборскае» КСУП «Эксбаза «Стралічава». І хаця знаёмства адбылося ў будні дзень, не пашкадаваў свайго абедзеннага перапынку, каб расказаць пра сваю малую радзіму і яе тутэйшых.

Данііл Акушка

Дарэчы, Данііл Іванавіч жыве ў вёсцы с жонкай Раісай Фёдараўнай. Разам даглядаюць гаспадарку. Нават каровак трымаюць! Чайка і Жучка гаспадароў штодзень радуюць свежым малачком.

У маладосці мой суразмоўца пабачыў нямала: на Данбасе вучыўся на столяра, а ў Карпатах служыў у арміі. З тае пары родныя вуліцы сталі яшчэ бліжэй чалавеку. Муж і жонка выхавалі сына, сёння падрастаюць пяцёра ўнукаў.

Традыцыйна пытаюся ва ўпаўнаважанага вёскі: з кім раіце пазнаёміцца тут, у Куравым? Першай назвалі Марыю Пінчук.

Марыя Пінчук

Марыю Антонаўну заспела ў яе хаце. Жанчына толькі вярнулася з агарода – ладзіла там парадак, выкапала бурачкоў. І гэта на дзявятым дзясятку! Нават для свайго паважанага ўзросту мая новая знаёмая вельмі актыўны чалавек.

Увесь сакрэт, прызнаецца жыхарка Куравога, у пастаянным русе. Не дае сабе Марыя Антонаўна скардзіцца на здароўе – з самага ранку рушыць на агарод, да зямлі, наводзіць там парадак, корпаецца, адным словам. Глядзіш, і не так баліць ды і ціск быццам нармалізаваўся. Цуд ды і толькі!

Больш за 60 гадоў жанчына пражыла побач са сваім каханым Мікалаем Рыгоравічам. Шасцярых дзетак вырасцілі, а ўнукаў больш за дваццаць! Сёння Марыя Антонаўна далікатна і цёпла ўспамінае мужа – кажа, каб усе людзі на зямлі спазналі такое каханне, як ёй неба падарыла. Пакуль размаўлялі, гаспадыня паказала, якую сёлета кансервацыю нарабіла. Будзе, што і дзеткам з сабой даць у гасцінцы. Ох, як добра ў гасцях! Але і з іншымі тутэйшымі хочацца пазнаёміцца.

Ганна Альшанская

Ганну Аляксандраўну сустрэла ў яе агародзе. Ёй спаўняецца 80 гадоў у снежні, а таксама ўзрост яна не адчувае – надта многа клопатаў у жанчыны. Нарадзілася Ганна Альшанская літаральна пасля вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але ж тады яе матуля разам з немаўляткам і старшымі дзецьмі была ў Германіі, куды прыгналі фашысты. Пазней сям’я ўсё ж вярнулася на Радзіму. З юнацтва Ганна працавала на мясцовай ферме даяркай. У 1986 годзе атрымала медаль «За доблесную працу», да самай пенсіі была ў пашане. На заслужаным адпачынку Аляксандраўна не сумуе – калі жывеш на зямлі, яна дае табе занятак.

Міхаіл Заблоцкі

Цікава, што праз некалькі хвілін пасля размовы з гэтым паважаным чалавекам сустрэла яе зяця – Міхаіл Заблоцкі прыехаў сябру дапамагчы ў рамонце машыны. Спецыяльна пацікавілася менавіта ў Міхаіла Міхайлавіча, ці ведае ён, якое ў Куравым прастольнае свята. Ён без памылак адказаў: вядома ж, гэта Каляды!

– Ох, як прыязджаем сюды святкаваць, дык некалькі хат варта абысці – тут столькі ў нас родных жыве. Да любімай цешчы хаця б да вечара дабрацца, – з жартам кажа мужчына.

– Так, а сёння ў Казялужжа трэба ехаць, бо там сваё прастольнае свята – Пакровы! – падказаў Данііл Акушка.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *