Добрая падрыхтоўка да зімова-стойлавага перыяду і эфектыўная арганізацыя працы дадуць магчымасць павялічыць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і павысіць захаванасць жывёлы, перакананы Аляксандр Краўчанка, дырэктар ААТ «Веляцін Агра».
Менавіта гаспадарка, якую ён узначальвае, найбольш адказна падышла да падрыхтоўкі да стойлавага ўтрымання жывёл на Хойнікшчыне. Некаторыя фермы мы наведалі на гэтым тыдні і пабачылі, у якіх умовах змяшчаецца пагалоўе.
У працэсе падрыхтоўкі да зімоўкі работнікі МТФ «Забалацце» пабялілі сараі, правялі дэзінфекцыю, праверылі гатоўнасць тэхналагічнага абсталявання, адрамантавалі вароты, а таксама ўцяплілі домікі для цялят, вокны і вадаправод – усё для таго, каб прадухіліць замярзанне вады і кармоў.
Задач, як прызнаўся загадчык фермы Ігар Аўтушка, нямала, таму важна нічога не ўпусціць. І добрая навіна: у наступным годзе на гэтым жывёлагадоўчым аб’екце завершыцца будаўніцтва новага сарая.
Задоўга да халадоў кіпела работа і на МТК «Пудакоў». «Жывёліна ў нас дагледжаная. Сочым, каб цяляты былі ў цяплыні: закупілі клеткі-хаткі і старыя абцянулі плёнкай. Мы адрамантавалі кармавыя сталы, давялі да розуму тэрмабокс для нованароджаных, устанавілі там абагравальную лямпу. Паспяхова перазімаваць нам дапаможа добрая кармавая база. Назапасілі і дроў: цяпер не замерзнеш у даільнай зале і бытавых памяшканнях», – адзначае памочнік загадчыка комплекса Ніна Макаранка. Дарэчы, раней жанчына з мужам працавалі ў эксбазе «Крынічная» (Мазыр). Стаж вялікі, а вопыт заўсёды дапамагае.
Галоўная мэта – пастаянна нарошчваць аб’ёмы вытворчасці малака. Гэта разумеюць і на МТК «Лісцвін», таму і вынікі маюць добрыя. Асаблівую ўвагу на комплексе надаюць утрыманню цялят у зімовы перыяд. Такім чынам пазбегнуць шматлікіх захворванняў і не дапусцяць скарачэння маладняку. Усе ж ведаем: будзе сытай і камфортнай зімоўка – будуць надоі і прывагі, а значыць, будзе і дабрабыт кожнага работніка.
Нягледзячы на засушлівае лета сёлета веляцінцы заклалі на захоўванне каля 13000 тон сенажу, сіласу – 32800 тон, нарыхтавалі 1500 тон. Па стану на 1 снежня (за бягучы год) ў гаспадарцы ў сярэднім надаілі на карову 4100 літраў малака.
Даведка: за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі раслінаводства, на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы травяных кармоў і ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ААТ «Веляцін Агра» летась прызнана лепшым у раёне.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.