Памяць класіка шануем! У гонар 103-годдзя з дня нараджэння Івана Мележа

Культура

Сёння ў аграгарадку Глінішча, на малой радзіме песняра беларускага слова – Івана Мележа – адзначылі 103 гады з дня яго нараджэння.

Гэта светлая нагода сабрала каля помніка беларускаму класіку яго землякоў, а таксама тых, хто цэніць вялікі ўклад пісьменніка ў айчынную літаратуру і Хойнікшчыну.

– Як нашчадкі выдатнай літаратурнай спадчыны, мы павінны хаця б крыху адплаціць карыснымі справамі ў гонар памяці Івана Паўлавіча, – падкрэсліла ў час свайго выступлення старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар. – Таму так важна, што нарэшце дзякуючы ініцыятыўнасці непасрэдных землякоў шаноўнага класіка ажыццявіцца праект «100 крокаў да Мележа». Літаратурная спадчына знаўцы палескай душы варта таго, каб перадацца і захоўвацца надалей.

На пастаяннае захоўванне ў Доме-музеі Івана Мележа Галіна Віктараўна перадала Пасведчанне ганаровага грамадзяніна Хойніцкага раёна, што прысвоена Івану Паўлавічу пасмяротна.

На мітынгу ў гонар Івана Мележа ўсклалі кветкі да помніка нашага знакамітага земляка. А пасля ўсіх прысутных запрасілі на літаратурна-музычнае свята «Мележа слова крочыць па свеце».

У Глінішчанскім Цэнтры вольнага часу прадстаўнікі культурнай галіны нашага раёна прысвячалі Івану Паўлавічу свае музычныя кампазіцыі і вершы, да прадстаўлення далучыліся і вучні мясцовай школы, якая носіць імя класіка.

Сярод гасцей і непасрэдных удзельнікаў фэста – адна з родных пісьменніка, хайнічанка Марына Шпарун, якая выказала сваю павагу Івану Паўлавічу аўтарскім вершам.

Іван Котчанка і Алеся Кірпічэнка ў ролях Васіля ды Ганны

Дарэчы, хайнічане ў той жа дзень прысутнічалі па запрашэнню ў Мазырскім драматычным тэатры імя І.П. Мележа на тэатральна-музычнай кампазіцыі да дня нараджэння класіка «Адна тысячная таго, што адчувае маё сэрца».

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *