100 рэчаў, якія зробяць журналісты раёнкі: ✔ Выразаць на памяць традыцыйную выцінанку

Это Беларусь моя

Журналісты раёнкі выконваюць заданні са спісу «100 рэчаў, якія трэба зрабіць у Беларусі».

Мы працягваем разам з вамі закрэсліваць выкананыя заданні ў спісе сотні яркіх парад для вандроўнікаў па нашай маляўнічай Беларусі. У Тыдзень роднай мовы выбралі пазнаёміцца з мастацтвам беларускай выцінанкі. Гэта такі від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – выразаныя з паперы ўзоры.

Калісьці выцінанкай аздаблялі абразы, вокны, хатні інтэр’ер. Здалёк ёсць уражанне, быццам на шкло замацавалі сапраўдныя карункі – настолькі тонкая работа. Ды і сюжэты малюнкаў самыя розныя. З’явілася лагічнае пытанне: а дзе ж сёння выкарыстоўваюць такі дэкор? Мы знайшлі!

У Казялужскім дзіцячым садку, як і ва ўсіх дашкольных установах нашага раёна, вельмі сур’ёзна адносяцца да захоўвання нашых нацыянальных традыцый і вучаць гэтаму нашых маленькіх землякоў.

Усе аконныя ўпрыгожванні ў гэтай установе беражліва захоўваюць у спецыяльных скарбонках. Тут, здаецца, ёсць узоры на ўсе магчымыя святы. Прычым колькасць папяровых карункаў толькі расце.

Займаецца гэтай карпатлівай работай, калі дазваляе час, памочнік выхавацеля сярэдняй групы Аксана Прышчэп. Менавіта Аксана Сямёнаўна з дапамогай мантажнага ножыка цярпліва водзіць па тонкай паперы, якую кладуць на картон. Мне, як пачынальніку, выдалі нажніцы і адзін з самых простых малюнкаў – хутка вясна, таму выбралі цюльпан. Ведаеце, і яго мне давялося выразаць вельмі доўга. Мяне падтрымлівалі ў такой тонкай справе, кветачка атрымалася. Але ж паўтарыць гэта я б не згадзілася – надта акуратная работа, шмат часу патрэбна.

– Лепей прыязджайце да нас напярэдадні 8 Сакавіка – пабачыце, якое хараство на вокнах у нас будзе, – падбадзёрыла музычны кіраўнік Наталля Малашанка.

А пакуль творчае натхненне можна атрымаць ад традыцыйнай выцінанкі на спецыяльным сайце, які прысвечаны гэтаму мастацтву – Выцінанка.бай.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *