Сёлета вясна выдалася надзвычай ранняя і цёплая: надвор’е спрыяла хуткаму росту азімых культур. Таму і жніво пачалося даволі рана.
На полі да цямна шчыруюць хлебаробы. Толькі робяць перадых для прыемнага моманту – узнагароджвання.
Уладзімір Чудакоў, Алег Курыленка, Рыгор Пархоменка, Васілій Лагвіненка, Фёдар Канапелька, Фёдар Ефіменка
Колькасць тысячнікаў (якія намалацілі ці перавезлі зерне) з кожным днём расце. Адразу з’явілася шэсць перадавікоў у КСУП «Судкова». Адказныя, добрасумленныя і мэтанакіраваныя. Два экіпажы намалацілі па адной тысячы тон зерня: Рыгор Пархоменка і Васілій Лагвіненка, Уладзімір Чудакоў і Алег Курыленка. Сярод вадзіцеляў лепшыя Фёдар Ефіменка і Фёдар Канапелька.
«Хлеб – наша ўсё!
– Без хлеба мы ніхто, таму яго трэба прыбраць да апошняга зярнятка, каб быць упэўненымі ў заўтрашнім дні. Зерне ўрадзіла, наліўное. Канешне, радуе, што госці нас віншуюць, тады яшчэ больш крылы паднімаюцца, хочацца новых перамог на ўборачнай», – падкрэслівае тысячнік Рыгор Пархоменка.
Аляксандр Лаўрусенка, Аляксандр Кудрыцкі, Мікалай Заяц, Раман Філіпенка
З асабістай вышынёй віншавалі аграрыяў ААТ «Веляцін Агра» (трох камбайнераў і аднаго вадзіцеля): Аляксандра Кудрыцкага і Аляксандра Лаўрусенку, Рамана Філіпенку, Мікалая Зайца. І ў КСУП «Эксбаза «Стралічава» з’явіліся першыя лідары ўборачнай (экіпаж і два вадзіцелі). Вось іх імёны: Сяргей Лобан і Геннадзій Вараненка, Леанід Чэркас і Аляксандр Ходас.
Сяргей Лобан і Геннадзій Вараненка
Аляксандр Ходас і Леанід Чэркас
Дух спаборніцтва ёсць
Наперадзе яшчэ шмат работы ў полі. Асабліва для Рамана Філіпенкі, бо ён адзін у экіпажы, памочніка няма:
– Я сам не мясцовы, працую ў Брагіне вадзіцелем у пракуратуры. А на жніво перасаджваюся за штурвал камбайна. Грошы лішнімі ніколі не будуць. Працуем з калегамі без зайздрасці. Цяпер трымаем курс на другую тысячу! Разам мы дружная каманда, і добрыя вынікі таму атрымліваюцца.
Сям’я ў адным экіпажы
Аляксандр і Аляксандр Еўтушэнкі
Бацька і сын Аляксандр і Аляксандр Еўтушэнкі з КСУП «Імя І.П. Мележа» ўжо другі сезон працуюць у тандэме. У мінулым годзе ім крыху не хапіла тон да тысячы.
Тое, што яны адна сям’я вельмі дапамагае за штурвалам камбайна. Бацька сына пахваліць (калі гэтага заслужыў), часам і прычуханца можа даць (па-добраму). Малодшы Аляксандр слухае родзіча, бо ўборачную трэба правесці якасна. Дарэчы, і сам камбайн аграрыі лічаць за напарніка. Пакуль тэхніка іх у полі не падводзіць.
– Няхай гэта будзе пачаткам вялікага поспеху. Няхай вам пакарыцца самая вялікая вяршыня. Каб на раённых «Дажынках» вас ушаноўвалі як сапраўдных герояў, – пажадала хлебаробам дырэктар КСУП «Імя І.П. Мележа» Святлана Кузменка.
Падарункі перадавікі прымаюць ад прадстаўнікоў райсельгасхарчу, галіновага прафсаюза, БРСМ, гаспадаркі.
Любяць родную зямлю
«Дзе радзіўся, там і прыгадзіўся. А ў такой гаспадарцы працаваць – адно задавальненне», – падкрэсліў вадзіцель-тысячнік ААТ «Веляцін Агра» Руслан Амельчанка.
На Хойнікшчыне хлебаробы ўбралі больш за 70% зернавых культур. Наперадзе – новыя гектары.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.