Свята ў вёсцы – не проста канцэрт ці развага. Гэта магчымасць праявіць удзячнасць мясцовым жыхарам за тое, што менавіта яны даюць роднаму краю другое дыханне. Урачыста і весела правялі Дзень вёскі ў Клівах.
Не палічыць, колькі работы правялі арганізатары, каб стварыць сапраўды душэўную сустрэчу землякоў. І ў іх усё атрымалася! Прычым, на самым высокім узроўні.
Да ўсіх прысутных звярнулася кіраўнік Судкоўскай тэрыторыі Алена Ваўчок. Разам з ганаровымі гасцямі Алена Міхайлаўна запрашала на імправізаваную сцэну людзей, якія сваёй працай пацвердзілі любоў і павагу да малой радзімы.
Падарункі і сертыфікаты жыхарам Клівоў уручылі сама старшыня Судкоўскага сельвыканкама, а таксама старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ганна Вяргейчык і лідар галіновага прафсаюзу АПК Святлана Марчанка, сакратар раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Святлана Лобан, прадстаўнікі КСУП «Судкова», дырэктар ТЦСАН Галіна Скачко. Узнагароды прымалі як старэйшы і маладзейшы жыхары вёскі, так і ветэраны працы розных галін жыццядзейнасці.
Музыкай і тэматычнымі падворкамі сустракалі гасцей у Клівах. Мясцовымі далікатэсамі частавалі гледачоў і ўдзельнікаў фэсту. Здзіўлялі духмянай вухой са шчупака, а на дэсерт хатняе печыва пад ягадны кісель. Абавязкова запрашалі паспытаць хойніцкіх сыроў – прэзентацыя Палескага вытворчага ўчастка ААТ «Мілкавіта» нікога не пакінула абыякавым.
Пра хлеб паклапаціліся і пра развагі не забыліся. Артысты сельскіх клубаў разам з хойніцкімі калегамі добра «зачапілі»: гледачы неаднаразова прасілі выканаць на «біс» любімыя песні сваёй маладосці.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.