Пакуль увесь горад спіць ці толькі павольна прачынаецца, Аляксандр Фёдаравіч ужо ў дарозе – спяшаецца насустрач узыходзячаму сонцу на грузавым аўтамабілі МАЗ «KUPAVA».
На хойніцкім хлебазаводзе з раніцы ўжо чакаюць вадзіцеля з 30-гадовым стажам, каб выдаць каштоўны груз – свежы хлеб, які выпяклі ў начную змену.
Зямляк медагляд прайшоў, пуцёўкі ўзяў, накладныя не забыўся. Сапраўдны профі! У салоне атрымліваем асалоду ад водару хлеба, батонаў, булачак.
Да абеда наш герой паспеў пабываць у першым рэйсе ў Гомелі – 12 гандлёвых пунктаў забяспечыў хлебабулачнай прадукцыяй з Хойнік. Дарэчы, у абласным цэнтры хутка разбіраюць наш «кірпічык».
«З чатырох раніцы я ўжо на нагах. Нават без будзільніка магу прачнуцца. Прывык. На работу іду з задавальненнем, бо яна мне душу грэе. Я, можна сказаць, людзей кармлю (усміхаецца). Некаторыя прадаўцы і пакупнікі маю машыну выглядваюць. Ведаюць, у які час пад’еду, каб потым з полумя, з жару ўзяць буханачку хлеба», – расказвае за рулём Аляксандр Акуленка падчас паездкі ў магазін «Ромашка», які знаходзіцца па вул. Жукава райцэнтра.
Каля запаснога выхада выгрузілі ў рукі прадаўца хлеб «Абедзенны», «Дзень і ноч», булкі, палоскі з павідлам. Едзем з вадзіцелем далей, у наступную гандлёвую кропку – «Комфорт». Тут у першую чаргу разбіраюць кекс «Тураўскі» і торты «Казка».
– Ведаеце, яшчэ з дзяцінства спазнаў ісціну, што хлеб лёгкім не бывае. Працаваў летам з сябрамі ў будаўнічай брыгадзе ў Стралічаве. Памятаю, што на заробак купіў матацыкл. Вось шчаслівы быў тады. І зараз адчуваю сябе на сваім месцы, прафесія ў мяне патрэбная. Важна своечасова даставіць прадукцыю. Мяне, як вадзіцеля, шануюць нараўне з хлебапёкамі, работніцамі кандытарскага цэха. Праўда, мінусы ёсць – практычна выхадных няма. На сям’ю менш часу ідзе. Але жонка змірылася, асабліва калі хлеб дадому прынясу. З булёнам толькі так заходзіць, – дзеліцца субяседнік.
Аляксандру Акуленка на размовы часу няма. Ён выгружае хлеб і зноў спяшаецца за руль – смачную хойніцкую прадукцыю чакаюць на наступным маршруце. Так што зноў у дарогу!
Цікавыя факты
Аляксандр Акуленка доўгі час калясіў на ГАЗ-3309. Усё жыццё працаваў вадзіцелем.
Любімы хлеб – хойніцкі кірпічык.
За дзень наматвае каля 500 км.
Калі атрымліваецца – ездзіць на рыбалку ў Хвойнае.
Тэкст і фота Вікторыі МАРОЗ.