Даўно вядома: сакрэтны інгрэдыент любой сапраўды смачнай стравы – не труфель і не мармуровая ялавічына. Гэта людзі. Тыя, хто стаіць ля пліты, укладваючы ў кожную страву цяпло сваіх рук і асабісты досвед.
Напярэдадні Дня народнага адзінства стала традыцыяй прысвячаць асаблівы дзень – беларускай кухні. На Хойнікшчыне адразу некалькі ўстаноў грамадскага харчавання асабліва шануюць традыцыі.
У кафэ «Сузор’е» на абед прапанавалі боршч, калдуны з мясам, салат «Нясвіжскі», узвар і свежую скібку.
У рэстабары «Алімп» чакалі на дранікі з ласосем і дранікі з жульенам. Нават на слых гучыць смачна.
А ў лофтбары «Чардак» на пастаяннай аснове можна замовіць сучасныя варыянты беларускіх страў: у асартыменце «Картафан-бургер», дранікі з яешняй і беконам, блінцы з рознымі начынкамі.
За кожным рэцэптам тут стаіць свой лёс. Пагутарылі пра гэта з дзвюма Наталлямі.
Наталля Рослая: «За 20 гадоў «Сузор’е» стала мне родным домам»
У кафэ «Сузор’е» пахне свежай выпечкай і смажанай цыбуляй. Тут, у сваёй стыхіі, працуе Наталля Рослая. Выпускніца чацвёртай гарадской школы, Наташа прыйшла ў «Сузор’е» 20 гадоў назад. Сёння без яе не абыходзіцца ні адна змена.
У меню да Дня беларускай кухні тут асаблівыя пазіцыі. Госці прыходзяць за калдунамі – тымі самымі, з сакавітай мясной начынкай, схаванай у хрумсткай бульбяной абалонцы.
Але ёсць у «Сузор’е» страва, якую мясцовыя добра ведаюць і ласкава называюць «Зайчык». Гэта фірменны салат са свежай капусты – хрумсткі, з лёгкай кіслінкай і асаблівым водарам. Да яго падаюць гарачыя беляшы і сасіскі ў цесце.
А што ж есць сама Наталля Аляксандраўна, калі прыходзіць дадому да мужа Уладзіміра, з якім яны пражылі побач ужо 30 гадоў?
– Дома балую сваіх! – смяецца яна. – У мяне дзве дачкі, і я, можна сказаць, маладая, энергічная бабуля. Мае ўнучаняты, Мацвей і Ільюша, – гэта ж шчасце! Для іх я і бульбу фры смажу, і велізарную хатнюю піцу раскачаю. А часам і сушы сама кручу. Галоўнае, каб сям’я была сытая і задаволеная.
Наталля Палхоўская: «Турыстаў сустракаем дранікамі»
Зусім іншая атмасфера – у лофт-бары «Чардак». Тут больш сучасна, але па-ранейшаму па-хатняму цёпла. Гэта заслуга і кухара Наталлі Палхоўскай. Родам яна з Веляціна, і, здаецца, гэтая засяроджанасць і любоў да роднай зямлі перайшлі ў прыгатаванне.
Наталля Анатольеўна – маці трох выдатных дачок, і яе гонар чуваць у кожным слове. Паліна ўжо працуе выхавацелем у чацвёртым дзіцячым садзе, Дар’я заканчвае навучанне ў Паселіцкай школе, а Мілана, самая малодшая, пайшла ў другі клас гімназіі г. Хойнікі.
– У нашай установе часта знаёмімся з турыстамі, якія вяртаюцца з падарожжа ў Палескі запаведнік. – расказвае Наталля Анатольеўна, акуратна выкладваючы на талерку румяныя дранікі. – Менавіта яны і замаўляюць беларускія стравы. Кажуць, што ў нас і бульба на дранікі лепей, смачней за ўсю.
– Ведаеце, у чым сакрэт нашых наліснікаў? – хітра прыжмурваецца Наталля. – У цярпенні. Цеста павінна быць кружэўным, а начынка – раставаць.
Калі змена заканчваецца, Наталля Анатольеўна прызнаецца мне ў сакрэтным. Яна балуе гасцей і сям’ю, але ў яе ёсць запаветная мара.
– Я ўсё хачу ў Нясвіж з’ездзіць, – ціха кажа яна, здымаючы кухарскі каўпак. – Замак гэты ўбачыць, паркі. Абавязкова паеду.
Што такое на самой справе беларуская кухня? Гэта не проста пералікі рэцэптаў у кухарскіх кнігах.
Беларуская кухня – гэта салат «Зайчык» ад Наталлі Аляксандраўны, якая 20 гадоў захоўвае ўтульнасць «Сузор’я». Гэта румяныя дранікі і наліснікі ад Наталлі Анатольеўны, якая марыць пра велічны Нясвіж, але пакуль стварае вялікае на сваёй кухні ў «Чардаку». Гэта бульбяная бабка, сала, маннік і бясконцая любоў да сваіх дзяцей і ўнукаў.
У Дзень беларускай кухні хочацца не проста паспрабаваць гэтыя стравы. Хочацца сказаць дзякуй жанчынам, якія робяць наш свет такім смачным, цёплым і сапраўды родным.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.






