Выстаўка карцін земляка У.Ц. Гардзеенкі «Край майго дзяцінства»

Культура

У раённым краязнаўчым музеі да 1 верасня працуе выстаўка работ знакамітага беларускага мастака, ураджэнца в. Клівы У.Ц. Гардзеенкі «Край майго дзяцінства».
На яе ўрачыстым адкрыцці прысутнічаў сам Уладзімір Цітавіч. Прэзентаваў карціны загадчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтва, доктар мастацтвазнаўчых навук, прафесар Р.Ф. Шаура.
Для У.Ц. Гардзеенкі было важна наведаць родныя мясціны, пакланіцца зямлі, якая яго ўзрасціла, дзе зарадзіўся яго талент. Сёння ён вядомы як беларускі жывапісец, педагог, член Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, член студыі ваенных мастакоў пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь.
На выстаўцы прадстаўлены работы ўсіх жанраў, у якіх працуе Уладзімір Гардзеенка. Можна ацаніць яго майстэрства як стваральніка кветкавых нацюрмортаў, партрэтыста. Дарэчы, адной з любімых работ самога Уладзіміра Цітавіча з’яўляецца партрэт ветэрана Вялікай Айчыннай вайны У.С. Гардзеенкі – яго дваюраднага брата, які жыве ў Хойніках, амаль на кожнае 9 Мая ездзіць на парад на Чырвонай плошчы ў Маскве. Ён таксама завітаў на выстаўку, каб падтрымаць свайго таленавітага родзіча. З абодвума Гардзеенкамі з задавальненнем сфатаграфаваліся навучэнцы мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў. Для іх жа мастак прывёз у падарунак свой падручнік «Малюнак галавы і фігуры чалавека».
Многія карціны Уладзіміра Цітавіча Гардзеенкі прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, роднаму Палессю. Дзесяткі разоў ён ездзіў у адселеныя пасля чарнобыльскай катастрофы мясціны. Адзін з твораў, напісаных пасля гэтага жывапісцам, – «Чырвоныя дрэвы» – Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падарыў некалі прэзідэнту Міжнароднага Алімпійскага камітэта Хуану Антоніо Самаранчу. Копія работы таксама прадстаўлена на выстаўцы.
Ад імя прысутных словы падзякі за візіт і прадстаўленыя работы выказала мастаку намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская, падарыла на памяць кнігу пра Хойнікшчыну і сувенір з мясцовай сімволікай.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *