Па выніках 2017 года калектыў завода гідраапаратуры прызнаны лепшым сярод прамысловых арганізацый раёна.
Васілій Ягоравіч СМАЛЬЦАР, дырэктар
Ступень эканамічнай адукаванасці, кампетэнцыі і іншых дзелавых якасцей кожнага кіраўніка ў многім вызначаецца эфектыўнасцю работы ўзначальваемага ім прадпрыемства. У гэтым сэнсе калектыву завода гідраапаратуры можна па-добраму пазайздросціць: з 2004 года яго ўзначальвае В.Я. Смальцар, з таго часу эканамічныя паказчыкі работы прадпрыемства не губляюць устойлівай тэндэнцыі росту.
За гэтыя амаль паўтара дзесятка гадоў завод прайшоў няпросты шлях пераадолення цяжкасцей, станаўлення, паступовага развіцця і росквіту. Дапамаглі гэтаму няспынны пошук, ініцыятыўнасць і патрабавальнасць кіраўніцтва на чале з дырэктарам. Яго цяжка застаць у рабочым кабінеце: у пошуку аптымальнага вырашэння ўзнікаючых стратэгічных і надзённых пытанняў Васілій Ягоравіч то на Мінскім трактарным заводзе, то на ААТ «САЛЕО-Гомель», у Смаргоні, Бабруйску, Віцебску. Такая шырокая геаграфія не выпадковая: у гэтых гарадах размешчаны прадпрыемствы, якія з’яўляюцца асноўнымі эканамічнымі партнёрамі хойніцкіх машынабудаўнікоў. Але галоўны – ААТ «Мінскі трактарны завод», у склад якога Хойніцкі завод гідраапаратуры ўвайшоў у 2005 годзе. Час толькі пацвердзіў вернасць гэтага крока. Слова В.Я. Смальцару.
– Кааперацыя з МТЗ – прыярытэтны напрамак нашай работы. Сёння на канвеер Мінскага трактарнага завода мы пастаўляем 87% вырабаў. Гэта дазваляе нам устойліва стаяць на нагах у эканамічным і фінансавым плане, будаваць рэальную стратэгію развіцця, паспяхова праводзіць мадэрнізацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы вытворчасці, няўхільна павышаць якасць выпускаемай прадукцыі, павялічваць яе аб’ёмы.
Дасягнуць пастаўленых мэт і выйсці на новыя рубяжы можна толькі за кошт пастаяннага асваення выпуску новых вырабаў, запуску ў вытворчасць сучаснага абсталявання, пошуку новых эканамічных партнёраў. Усё гэта мы сёння бачым на нашым прадпрыемстве, а таму яно ўстойліва і няўхільна развіваецца. Ужо не першы год завод працуе стабільна і рытмічна, у дзве змены, даўно стабілізавалася колькасць працуючых, мы не маем кадравага дэфіцыту. Высокакваліфікаваныя кадры нам спатрэбяцца ў бліжэйшым будучым, калі наладзім выпуск новых камплектуючых вырабаў для трактараў МТЗ сумесна з ААТ «САЛЕО-Гомель» і Мазырскім машынабудаўнічым заводам. Пачаць яго плануем ужо ў чацвёртым квартале бягучага года. Гэта не толькі дасць нам гарантыю занятасці на 2019 год, але і прырост вытворчасці прамысловай прадукцыі дадаткова на 150-200 тысяч рублёў у год.
Расказаў Васілій Ягоравіч і аб тым, што на прадпрыемстве вялікую ўвагу надаюць павышэнню культуры вытворчасці і паляпшэнню санітарна-бытавых умоў працы. Тут выкананы рамонт вытворчых і адміністрацыйна-бытавых памяшканняў, завяршаецца рамонт галоўнай заводскай прахадной, вядуцца работы па рамонту дарожнага пакрыцця ўнутрызаводскай тэрыторыі, па высадцы кветак, а таксама дэкаратыўнага кустоўя і дрэў.
Што гэта, як не рэальны клопат аб людзях, як не імкненне зрабіць іх працу больш высакароднай і плённай? Разумеючы гэта, усе, з кім выпала пагаварыць на заводзе, у адзін голас адзначалі як эфектыўнасць работы кіраўніцтва, так і асабіста яго дырэктара. А калі ёсць такое ўзаемаразуменне і давер з боку падначаленых, любое прадпрыемства здольнае на вырашэнне самых складаных задач.
Асноўныя эканамічныя паказчыкі Хойніцкага завода гідраапаратуры па выніках работы за студзень-май 2018 года
Аб’ём вытворчасці таварнай прадукцыі ў дзеючых цэнах – 4263 тыс. рублёў.
Тэмп росту выпуску таварнай прадукцыі да адпаведнага перыяду 2017 г. – 161,7%.
Індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай прадукцыі ў супастаўных умовах – 145 %.
Тэмп росту прадукцыйнасці працы да ўзроўню 2017 г. – 149,2%.
Выручка ад рэалізацыі на аднаго працуючага – 35,5 тыс. рублёў.
Тэмп росту выручкі ад рэалізацыі на аднаго працуючага ў параўнанні з 2017 г. – 164,4%.
Сярэднямесячная зарплата за чэрвень 2018 года – 769,7 руб.
В.І. БАНЧАК, брыгадзір брыгады токараў, якія працуюць на станках-паўаўтаматах
У заводскім калектыве Васілій Іванавіч – чалавек заслужаны і аўтарытэтны. З 1985 года, а гэта значыць 33 гады працуе ён на прадпрыемстве. Пачынаў вучнем фрэзероўшчыка ў вопытнага майстра Уладзіміра Машэўскага. Сёння ён мае 5 разрад наладчыка, можа з аднолькавым поспехам працаваць на любым, самым складаным сучасным абсталяванні.
Яго брыгада з 4 чалавек займаецца вырабам дэталяў для галоўнага канвеера МТЗ. З трактарнага завода брыгада атрымлівае загатоўкі ў выглядзе ліцця, апрацоўвае іх, вырабляючы неабходныя дэталі, потым іх камплектуюць і накіроўваюць у Мінск.
Па сутнасці гэтая брыгада задае тэмп усёй заводскай лініі апрацоўкі дэталяў. Вялікі працоўны вопыт, высокая кваліфікацыя, прафесіяналізм і адказнасць ва ўсім, што датычыць работы – вось асноўныя рысы гэтага чалавека.
А яшчэ б адзначыў вернасць роднаму прадпрыемству. За 33 гады ў заводскім жыцці адбывалася многае: былі і часы выпрабаванняў, і ўзлёты, аднак Васілій Іванавіч ніколі нават думкі не дапускаў памяняць месца работы. І сёння В.І. Банчак упэўнены ў аптымістычных перспектывах роднага прадпрыемства.
– Дзякуючы намаганням кіраўніцтва нашага завода гідраапаратуры, яго разумнай і стратэгічна правільнай эканамічнай дзейнасці, работа ў нас ёсць сёння, будзе і ў наступным. Значыць – будзе і зарплата, і дабрабыт. А што яшчэ патрэбна рабочаму чалавеку?
Г.М. НОВІКАВА, кладаўшчык склада гатовых дэталяў
Хапае абавязкаў і клопатаў у Галіны Міхайлаўны Новікавай. На прадпрыемстве яна працуе з верасня 2012 года. Пачынала памочнікам майстра, у 2015 годзе жанчыну перавялі на склад гатовых дэталяў. Вобразна кажучы, на ёй увесь шлях гатовых дэталяў, вузлоў і тэхнічнай дакументацыі на іх да камплектуючых вырабаў. Нездарма ў нашай размове начальнік вытворчага цэха завода У.М. Міхедзенка адзначыў стараннасць і працавітасць Г.М. Новікавай і асобна ацаніў яе высокую прафесійную кваліфікацыю:
– Галіна Міхайлаўна заўсёды і ўсё ведае аб перамяшчэннях дэталяў па тэхналагічнаму ланцужку. Яна – нашы вочы і вушы.
Жыве жанчына ў «старых» Хойніках, на работу зімой дабіраецца на гарадскім аўтобусе, а летам – на веласіпедзе. Як сама яна гаворыць аб гэтым транспартным сродку: і здарова, і здорава. Характар работы ў яе такі, што працуе толькі ў першую змену, якая пачынаецца ў 7.30 раніцы. Галіне Міхайлаўне, рамантыку па натуры, вельмі падабаюцца гэтыя 25-хвілінныя ранішнія веласіпедныя паездкі: цішыня, свежае паветра, птушыны гоман – прыгажосць ды і толькі!
Любіць кветкі, на яе падворку ўжо адцвілі лілеі і півоні, хутка распусцяцца хрызантэмы і вяргіні, іншыя, больш познія кветкі.
У вольны час падабаецца ёй пачытаць перыядычны друк, прыемна, што перавагу аддае нашай раёнцы і ведамаснай газеце «МТЗ-Беларусь».
М.В. БОНДАР, брыгадзір брыгады па выпуску дэталяў кіравання трактара МТЗ
Многае на Хойніцкім заводзе гідраапаратуры залежыць і ад брыгады станочнікаў, якую ўзначальвае Мікалай Васільевіч Бондар.
Гэты чалавек – сведка ўсёй гісторыі прадпрыемства. У далёкім 1981 годзе прыйшоў ён вучнем у заводскі калектыў. Маладога работніка разам з цэлай групай завадчан адразу накіравалі на вучобу на галаўное прадпрыемства – Маскоўскі завод «Салют». У той час гэта было прадпрыемства абароннай прамысловасці, а выпадковых работнікаў у «абаронцы» не трымалі. І абсталяванне там было самым сучасным. Паўтара года пасланцы Хойнікшчыны ў «белакаменнай» адначасова і працавалі, і праходзілі тэарэтычнае навучанне. Таму Мікалай Васільевіч і сёння перакананы ў тым, што школу прафесіі ў Маскве ён прайшоў самую грунтоўную і трывалую. Усё яго далейшае жыццё і работа пацвердзілі правільнасць гэтага меркавання – сёння Мікалай Васільевіч з’яўляецца сапраўдным універсалам. Ён можа працаваць і шліфоўшчыкам, і свідравальшчыкам, і фрэзероўшчыкам, і, канешне, токарам. Вытачыць любую, нават самую мудрагелістую дэталь – для яго не складае цяжкасці.
Зараз асноўная задача яго брыгады – выпуск валіка кіравання трактара МТЗ. Тут патрэбны не толькі вопыт і ўменні, але і майстэрства. А гэтай якасці М.В. Бондару не займаць.
Яго сям’я – паспяховы прыклад заводскай дынастыі. Жонка Людміла Міхайлаўна зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а да выхаду на пенсію працавала тут кладаўшчыком. Працоўную сямейную славу сёння падтрымлівае сын Міхаіл у якасці шліфоўшчыка.
Л.Л. ДЗЯДЗІЦКІ, майстар вытворчага цэха
На любым прамысловым прадпрыемстве пасада майстра цэха з’яўляецца адной з ключавых у вытворчым працэсе. Так і на Хойніцкім заводзе гідраапаратуры. Менавіта на майстра вытворчага цэха Л.Л. Дзядзіцкага ўскладзены кантроль за выкананнем зменных заданняў, вытворчых планаў, кантроль якасці і яшчэ многія іншыя абавязкі. Пад яго началам 19 чалавек, працаваць даводзіцца ў дзве змены: першая – з 7.30 да 15.00, другая – з 15.00 да 22.30. Такі графік выбраны кіраўніцтвам завода, каб людзі маглі паспяваць на рэйсы гарадскога аўтобуса.
Работа Леаніда Леанідавіча вельмі сур’ёзная і адказная, яна патрабуе не толькі вопыту і ведаў, але і ўмення імгненна ацаніць сітуацыю, а потым самому прыняць аптымальнае рашэнне.
Дапамагае ў гэтым Л.Л. Дзядзіцкаму той факт, што сам ён – вясковы, нарадзіўся і вырас у Барысаўшчыне. З самага ранняга дзяцінства ўмеў касіць, араць, карову даіць – гэта значыць, што самастойныя рашэнні прывык прымаць яшчэ ў юным узросце.
Заўсёды задаволены прыездам сына і нявесткі Таццяны з 3-гадовай унучкай Ангелінай бацькі Леаніда, якія жывуць у Барысаўшчыне. З дапамогай Леаніда трымаюць карову, каня.
І.А. ДЗЯНГУБЕНКА, фрэзероўшчык
У 2010 годзе судкаўчанін Ігар Аляксандравіч Дзянгубенка закончыў навучанне ў Гомельскім ПТВ-152 прыборабудавання па спецыяльнасці «станочнік шырокага профілю». Як паказаў далейшы ход падзей, у выбары будучай прафесіі Ігар не памыліўся. Пасля заканчэння вучобы яго накіравалі на Хойніцкі завод гідраапаратуры. Як і належыць, сумленна адпрацаваў неабходны гадавы тэрмін, а потым наогул застаўся на прадпрыемстве, дзе і працуе па сённяшні дзень. Гэтае сваё рашэнне тлумачыць так:
– Ад дабра дабра не шукаюць. На заводзе гідраапаратуры мяне задавальняе ўсё: і аплата працы, і сучаснае абсталяванне, і спрыяльны, таварыскі мікраклімат у калектыве.
Ігар Аляксандравіч – таксама работнік-універсал, ён майстарскі ўпраўляецца з фрэзерным, такарным, свідравальным станкамі.
А ўвесь вольны час у яго з жонкай Юліяй прысвечаны дзецям – 2-гадовай дачцы Ксеніі і 2-месячнаму сыну Захару.
М.М. ЯФРЭМЕНКА, аператар металарэжучых станкоў і аўтаматаў
Профіль работы Міхаіла Міхайлавіча Яфрэменкі – наладка станкоў і апрацоўка дэталяў. На заводзе працуе 7 гадоў, таксама пачынаў сваю працоўную дзейнасць тут у якасці вучня. Як і любому навічку, напачатку складана было яму разабрацца ў тонкасцях металаапрацоўкі, але з часам прыйшлі і веды, і навыкі, і вопыт. Ды і з тэхнікай Міхаіл знаёмы не па чутках, яна таксама з’яўляецца адным з яго захапленняў.
Працаваць на заводзе Міхаілу падабаецца. Гэта яго жыццёвае крэда: работа павінна прыносіць задавальненне, а праз прымус нічога вартага ў жыцці дабіцца немагчыма.
Жыве Міхаіл ва ўласным доме ў «старых» Хойніках. Разам з жонкай Ірынай, якая зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, выхоўваюць дачку Ілону, вучаніцу СШ №1. На прысядзібным участку вырошчваюць садавіну і гародніну, так што клопатаў у гэтай дружнай сям’і хапае заўсёды.
Д.М. ЛІТВІН, аператар металарэжучых станкоў-паўаўтаматаў
У працоўнай біяграфіі Дзмітрыя Мікалаевіча Літвіна кропкай адліку стаў 2007 год, калі ён, дэмабілізаваўшыся з арміі, прыйшоў на завод у якасці вучня. Гады праляцелі непрыкметна і сёння Д.М. Літвін – станочнік 3 разраду. Працаваць можа на 4 відах станкоў, для чаго ў яго ёсць усе неабходныя веды і навыкі. У вытворчым цаху завода ён заняты механічнай апрацоўкай дэталяў і як усе, працуючыя тут, разумее, што ад вынікаў яго працы залежыць многае. Таму працуе старанна, на сумленне, тым болей, што захапленне тэхнікай у яго з дзяцінства.
Пакуль што Дзмітрый халасты, жыве ў аграгарадку Стралічава, на работу дабіраецца на ўласнай машыне. Аўтааматары ведаюць, што той, хто мае аўтамабіль, заўсёды мае і клопаты, таму і не дзіўна, што ўвесь вольны час ён аддае любімай тэхніцы.
Яшчэ адно яго захапленне – футбол. Як прызнаўся Дзмітрый, вельмі перажываў ён за суседзяў-расіян і нават, нягледзячы на іх паражэнне ад харватаў у ¼ фінала, лічыць выступленне каманды вельмі дастойным.
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.