Пры жаданні можна ўвасобіць любую творчую ідэю. Гэта неаднаразова даказваюць вучні і настаўнікі раёна. Так, яны стварылі некалькі яркіх кампазіцый, прысвечаных малой радзіме.
Герб, сцяг і назву нашага горада адлюстраваў у аб’ёмнай кампазіцыі У.В. Тагай, намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце ЦТДіМ. Яе ўпрыгожвае бусел, пышныя дрэўцы і ўтульны дом. На выраб было затрачана паўтара тыдня. У якасці асноўных матэрыялаў выкарыстаны фанера, ліставы кардон і пенапласт. І выйшла вельмі душэўна, яскрава і галоўнае – патрыятычна.
На дубе буслы звілі гняздо, побач патомства, значыць – жыццё працягваецца. Менавіта так можна ахарактарызаваць работу настаўніцы працоўнага навучання Стралічаўскай школы К.В. Бандарэнка. Кампазіцыя запатрабавала шмат стараннасці, дбайнасці. Спачатку спляла гняздо з вярбы, затым зляпіла буслоў з самаробнага фарфору, а дуб увасобіла з латкоў для харчовай прадукцыі.
Разам стваралі рукатворны міні-шэдэўр вучань 10 класа Ілля Бондар і настаўнік працоўнага навучання і гісторыі Глінішчанскай школы І.С. Прыхач. Спалучэнне чырвонага і зялёнага колераў надалі рабоце яшчэ большую патрыятычнасць.
Адметна, што ў самым цэнтры кампазіцыі знаходзіцца раённы краязнаўчы музей, уверсе красуецца герб роднага горада. Таксама І.С. Прыхач змайстраваў з фанеры надпіс «Год малой родины».
Сапраўды, прыемна глядзець.
Вікторыя МАРОЗ.