Трамбоўка вядзецца бесперапынна

Сельское хозяйство

Па календары – пачатак восені, а гэта значыць, што ідзе ўборка кукурузы як на сілас, так і на зерне. Тым болей, што ў гэтым годзе «царыца палёў» парадавала працаўнікоў вёскі добрым ураджаем.

Не стала выключэннем і эксбаза «Стралічава». Тут таксама кукуруза сёлета ўрадзіла на славу, і з 28 жніўня ў гаспадарцы пачалі класці першыя сіласныя траншэі. Раней звычайнага ў гэтым годзе паспела і кукуруза для ўборкі на зерне. Расказвае галоўны аграном эксбазы В.П. Ярац:
– Работы восенню, як заўсёды, непачаты край. І ўсё трэба, і ўсё важна: азімая сяўба, уборка саломы, уборка кукурузы на сілас і на зерне. Што датычыць апошняй з названых мною сельскагаспадарчых кампаній, то ўборкай кукурузы на зерне займаюцца камбайнер С.М. Лобан і яго памочнік Ю.В. Дрозд на КЗС-1218, а таксама камбайнер В.Ф. Сідарэнка з памочнікам А.М. Сержанам на КЗС-10К. Ужо ўбрана 15 гектараў (з 305 га па плану), сярэдняя ўраджайнасць 66 ц/га.

Два кормаўборачныя камбайны працуюць зараз на ўборцы кукурузы на сілас: А.Ю. Пабядзінскі на КВК-800 і А.С. Герасенка на УЭС-2-250. З запланаваных 2433 гектараў убрана 328 (13%). Дарэчы, у першую чаргу ўбіраем кукурузу ва ўрошчы «Ужар», што знаходзіцца ў канцы н.п. Стралічава. Там плануем перазалужыць землі пад новую пашу для жывёлы.

Механізатар эксбазы «Стралічава» М.А. Пранягін

На адвозцы зялёнай масы занята 11 адзінак тэхнікі: 7 аўтамабіляў розных марак і мадыфікацый і 4 трактары з прычэпамі.
Перад пачаткам зялёнага жніва ўсе сіласныя ёмістасці ачысцілі, прадэзінфіцыравалі і пабялілі. Усе гэтыя работы выканалі работнікі будаўнічай брыгады нашай эксбазы. Яны ж сваімі сіламі займаліся і ўзвядзеннем новай траншэі для закладкі кукурузнага сіласу на месцы былога пункта санітарнай апрацоўкі тэхнікі каля былой вёскі Берасцечка. Месца гэтае выдатнае тым, што да яго вядуць заасфальтаваныя пад’езды. Сіласаваць кукурузу тут сёлета будзем упершыню, таму дакладна не магу сказаць пра аб’ём новай ёмістасці, але мяркую, што тут будзе захоўвацца прыкладна 8-10 тысяч тон.

Трамбоўкай зялёнай масы тут на пагрузчыку «Амкадор» у дзённы час займаецца вопытны механізатар М.А. Пранягін. На ноч на сваім «Амкадоры» яго змяняе Р.У. Семянчук. Так што трамбоўка тут, як і належыць, вядзецца бесперапынна.
Па плану нам сёлета неабходна нарыхтаваць 31300 т кукурузнага сіласу, а па стану на 7 верасня гатова ўжо 5978 тон – 19%.
У разліку на адну умоўную галаву жывёлы перад сельгаспрадпрыемствамі раёна пастаўлена задача нарыхтаваць не меней 32,1 ц к.а. Улічваючы, што намі ўжо нарыхтавана 1203 тоны сена (план – 1150 т, 105%) і 3951 т травянога сенажу (план – 5900 т, 67%), мы на сённяшні дзень маем 9,21 ц к.а.

Так што з заданнем павінны паспяхова справіцца. Для гэтага ў нас сёння ёсць усе магчымасці: выдатная кукуруза, выдатная тэхніка і выдатны настрой людзей на выніковую і плённую работу.

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.