Міжнародны дзень пажылых людзей сабраў у РДК тых, чые скроні пафарбавала сівізна, а ў куточках вачэй збіраюцца маршчынкі, якія гавораць аб вопыце, сталасці.
У фае арганізавалі выстаўкі абярэгаў і работ з садавіны і гародніны, у якія ўклалі ўсю сваю фантазію члены калектыву і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН.
На душэўнай ноце пачалася святочная праграма. Намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская сказала вельмі важныя словы ў адрас нашых бабуль і дзядуль, папрасіла прабачэння ад імя больш маладога пакалення за тое, што часам з-за сваёй работы мы не паспяваем знайсці хвілінку каб патэлефанаваць і спытаць як здароўе, прыехаць у госці, а ўсё кудысьці спяшаемся, не разумеючы, што яны, на жаль, не вечныя.
Жанна Мікалаеўна ўручыла Падзякі райвыканкама ветэранам працы Л.У. Краўчанка, Г.С. Шматко, падарунак за лепшы ветэранскі падворак атрымаў хайнічанін М.І. Блішч, які каля дома арганізаваў практычна міні-музей военнай славы.
За ўдзел у раённых мерапрыемствах Г.М. Скачко, дырэктар ТЦСАН, дыпломамі заахвоціла Г.І. Атрошчанку, С.В. Бойдак, В.М. Бордак.
А.А. Клімовіч атрымаў падарунак ад старшыні прафсаюзнага камітэта дзяржаўнага прафесійнага ліцэя А.А. Звягінай.
За настрой гасцей адказвалі артысты мастацкай самадзейнасці раёна. Сардэчнымі кампазіцыямі яны сагрэлі душу кожнага.
Вікторыя МАРОЗ. Фота аўтара.