Капрызныя прынцэсы, вясёлыя акцёры і поліэтыленавыя шэдэўры

Культура

Па ініцыятыве Хойніцкага ТЦСАН у раённым Доме культуры прайшоў VІ рэгіянальны фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Чароўны свет фантазіі» з удзелам маладых інвалідаў.

Мерапрыемства стала традыцыйнай восеньскай падзеяй для тых, хто цэніць рукатворную прыгажосць. На гэты раз канкурсантам прапанавалі прыдумаць з поліэтылену дэкарацыі і касцюмы для свайго выступлення. Кожная каманда пастаралася на славу. У спіс удзельнікаў увайшлі восем раёнаў: Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рэчыцкі, Мазырскі і Хойніцкі.
Асноўная тэма фестывалю – «У гасцях у казкі». Моладзь дэманстравала фрагменты пастановак па матывах казак «Лятучы карабль», «Курачка раба», басні «Страказа і муравей» і яшчэ некалькіх добра знаёмых мультфільмаў і дзіцячых песень. У перапынках паміж нумарамі гледачоў радавалі выступленнямі артысты самадзейнасці нашага раёна.
Самым хвалюючым момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання. Усе каманды атрымалі заслужаныя Падзякі ад арганізатараў за ўдзел. У намінацыі «Тэатральнае мастацтва» трэцяе месца заняў Петрыкаўскі ТЦСАН, другое – Хойніцкі, а пераможцам сталі рабяты з Рэчыцкага ТЦСАН, якія бліскуча выступілі з урыўкам «Капрызная прынцэса».
У намінацыі «Эстэтычнае афармленне касцюмаў і дэкарацый» на трэцім месцы апынуліся майстры Лельчыцкага ТЦСАН, другое занялі прадстаўнікі Лоеўскага цэнтра, а перамогу святкавалі хайнічане. Іх неверагодная дэкарацыя для пастаноўкі «Беласнежка і сем гномаў» заслужана атрымала прыхільнасць журы і захапленне глядацкай залы.
За перамогу ў намінацыі «Тэатральнае майстэрства і ўменне працаваць ў вобразе» ўзнагародзілі маладых артыстаў Мазырскага ТЦСАН. Прыз жа глядацкіх сімпатый заваявалі рабяты з Калінкавіч. Лепшым куцюр’е названа прадстаўніца Нараўлянскага ТЦСАН. Асобны прыз уручыў ад раённай арганізацыі інвалідаў-калясачнікаў яго старшыня А.У. Данчанка. Ён адрасаваў спецыяльны падарунак хайнічанам за іх стараннасць.
Асобныя словы падзякі са сцэны адрасавалі тым, хто дапамог арганізаваць свята. У першую чаргу фестываль праходзіў пры падтрымцы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама, раённай грамадскай арганізацыі «Белая Русь», Хойніцкай ветэрынарнай станцыі, царквы «Благодать» г. Хойнікі, раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, а яшчэ КПУП «Паліграф», індывідуальнага прадпрымальніка Д.С. Старавойтава.
У фінале свята ўсе яго ўдзельнікі праспявалі разам гімн фестывалю з абяцаннем сустрэцца тут у наступным годзе.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *