На гэты раз прапануем вам блізкую вандроўку – усяго за 25 кіламетраў – у суседні Брагін.
Да сямі цудаў Брагiншчыны можна аднесці Брагінскі метэарыт, руіны замка Вішнявецкіх, даразахавальніца (яркі ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XVIII стагоддзя), брагінскі строй (мясцовы касцюм), парк у вёсцы Тэльман, чорную даурскую бярозу і камень кахання. Гарадскі пасёлак невялікі, але мае нямала месцаў, якія зацікавяць гасцей і турыстаў. А цяпер ён стаў яшчэ прывабней.
Маштабнае добраўпарадкаванне праведзена ў сталіцы абласных «Дажынак 2018» Брагіне і першым населеным пункце Беларусі, вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Камарыне. У спісе абноўленых аб’ектаў – гарадскія паркі, адміністрацыйныя будынкі, жылыя масівы, кіламетры цеплавых і водаправодных сетак.
Адрамантаваны фасады Брагінскага раённага музея, сярэдняй школы, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, цэнтральнай райбальніцы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённага аддзела ўнутраных спраў, адміністрацыйнага будынка раённага спажывецкага таварыства, камбіната бытавога абслугоўвання. Прайшла мадэрнізацыя фасада і даху будынка пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 у Брагіне.
Раённы Дом культуры змяніўся капітальна з пункту гледжання і рэканструкцыі самога будынка, і тэхналагічнага абсталявання. У абноўленым выглядзе сустракаюць гасцей кабінеты, холы, залы для гледачоў. Шырокія творчыя гарызонты для калектываў ДК адкрывае новае абсталяванне, ўключаючы сцэнічнае. Замененыя камунікацыі, добраўпарадкавана прылягаючая тэрыторыя.
Больш магчымасцяў для творчасці з’явілася і ў юных талентаў пасля капітальнага рамонту дзіцячай школы мастацтваў. Стары будынак рэканструяваны з улікам спецыялізаванага навучання па трох накірунках: музычна-інструментальнае, мастацкае, харэаграфічнае. Для дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ўладкаваны месцы ў навучальных класах на першым паверсе.
Значныя змены закранулі гарадскі стадыён: замененыя сядзенні на трыбунах і пакрыццё хакейнай пляцоўкі, добраўпарадкавана пляцоўка для міні-футбола, новая ўваходная група для ўезду, пабудаваны туалет для наведвальнікаў стадыёна і парка. Вырашана праблема паркоўкі – прадугледжаны машына-месцы і разваротная пляцоўка. У Брагіне таксама запланавана адкрыццё спартыўна-аздараўленчага цэнтра з абсталяванымі тэніснымі кортамі.
Новыя традыцыі могуць нарадзіцца разам са з’яўленнем алеі Герояў, на якой размешчаныя імёны ўраджэнцаў раёна, якія ўславілі яго ў розныя перыяды гісторыі. І ўжо зараз жыхары гарадскога пасёлка могуць спраўджваць час па сонечным гадзінніку, усталяваным зусім нядаўна на цэнтральнай плошчы Брагіна.
Ёсць падстава для радасці і ў маладых сем’яў і маладых спецыялістаў раёна: для іх пабудавана 20 дамоў. Не засталіся ў баку і жыхары шматпавярховай забудовы: завершаны бягучы рамонт 25 такіх дамоў.
На вуліцах Кірава, Кастрычніцкай, Чалідзе, Кааператыўнай заменена асфальтавае пакрыццё. Дзесяткамі кіламетраў вылічаецца метраж новай заборнай агароджы.
Маштабнае добраўпарадкаванне райцэнтра праходзіла пад асабістым кантролем губернатара, асобныя аб’екты з’явіліся на карце Брагіна дзякуючы яго ініцыятыве.
Напрыклад, у цэнтральным парку Брагіна размясціўся амфітэатр, а яркая гульнявая зона ў выглядзе казачнага замка стала месцам адпачынку для сем’яў з дзецьмі. Раней забалочаная тэрыторыя па вуліцы Паркавай, па сутнасці, лесапаркавая зона ў цэнтры гарадскога пасёлка, ператварылася ў прыгожы парк з добраўпарадкаваным вадаёмам, тут пралегла экалагічная сцежка з магчымасцю правядзення школьных заняткаў па біялогіі, уладкаваны пешаходныя і бегавыя дарожкі.
Яшчэ адна зона для сямейнага адпачынку – алея з казачнымі персанажамі на ўездзе ў пасёлак. Тут размешчаны фігуры любімых дзецьмі герояў, устаноўлены казачныя домікі-церамкі, лаўкі, уздоўж тратуарных дарожак высаджаны туі.
Не забыліся і пра гасцей раёна: яны будуць прыбываць на перон адрэстаўраванага гэтай восенню аўтавакзала. Таму прыязжайце, змены вас прыемна здзівяць!
Па матэрыялах БелТА падрыхтавала Наталля ЧЭКАН.