На гэтым тыдні ў Гомельскім грамадска-культурным цэнтры ўшаноўвалі таленавітых і адораных навучэнцаў з усёй вобласці.
Такія сустрэчы праводзяцца ў абласным цэнтры штогод, пачынаючы з 1999 года. Наш раён сёлета з гонарам прадставіў вучань гімназіі г. Хойнікі Ігар Рудзянок.
Юнакі і дзяўчаты, якія дасягнулі высокіх вынікаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці, узнагароджаны грашовымі сертыфікатамі на суму 10 базавых велічынь. Прэміі рабятам уручалі намеснік старшыні аблвыканкама У.А. Прывалаў і старшыня абласнога Савета дэпутатаў К.А. Зенкевіч.
Дзесяцікласнік Ігар Рудзянок – годны прадстаўнік Хойнікшчыны на 20-м уручэнні прэмій. На яго рахунку не адзін дзесятак узнагарод на розных конкурсах па інфармацыйных тэхналогіях. Неацэнную дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсаў гімназісту аказваюць настаўнік інфарматыкі і матэматыкі І.М. Апанасюк і настаўнік фізікі С.А. Ільеў. Сёлета юнак атрымаў Дыплом І ступені на абласным конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнет». Імя Ігара Рудзянка заняла месца ў другім томе кнігі-летапісу «Юныя таленты Гомельшчыны».
З нагоды навагодніх свят кожны ўдзельнік урачыстага мерапрыемства атрымаў у падарунак імянное елачнае ўпрыгожанне.
Дарэчы, летась лаўрэатам падобнай прэміі аблвыканкама з Хойнік стаў вучань сярэдняй школы № 1 Юрый Малочка.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота прадстаўлена І. Рудзянком.
9:37 22.12.2018