Аптэку ў Вялікім Боры не зачыняць

Власть

Жыхары раёна маюць магчымасць пастаянна звяртацца са сваімі пытаннямі да мясцовай улады.

Штотыднёва праводзяць прыёмы і прамыя тэлефонныя лініі намеснікі старшыні, начальнікі аддзелаў райвыканкама і служб раёна. Звароты грамадзян знаходзяцца на кантролі раённага выканаўчага камітэта. Іх стараюцца вырашаць аператыўна. Тыя, што патрабуюць дадатковых матэрыяльных укладанняў, – па меры паступлення фінансавання.
На гэтым тыдні старшыня райвыканкама Анатолій Бандарэнка правёў у Велікаборскім сельвыканкаме асабісты прыём грамадзян.

Перагрупіроўка жывёлы, плёткі аб закрыцці аддзялення, узаемаадносіны ў калектыве – аб усім гэтым будуць размаўляць на дадатковай сустрэчы ў Велікаборскім аддзяленні КСУП «Эксбаза «Стралічава», якая запланавана на панядзелак.

Міні-палігон у населеным пункце закрылі, аднак праблема засталася – несвядомыя грамадзяне выкідваюць смецце ў лес. Хаця камунальная служба кожны аўторак збірае смецце ад домаўладанняў жыхароў, і лепш проста паставіць пакеты каля варот, а не везці ў лес, засмечваючы навакольнае асяроддзе. Участковы інспектар міліцыі правядзе з парушальнікамі прафілактычную размову.

А другасную сыравіну і ўвогуле патрэбна здаваць на перапрацоўку. Кантэйнеры для асобнага збору ўстаноўлены па ўсім населеным пункце, здаваць пластык, шкло і бумагу можна і ў залік аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі. А калі жадаючых здаць другасную сыравіну набярэцца дастаткова, то і ў Хойнікі ехаць не спатрэбіцца, тэхніку за ёй КЖУП «Хойніцкі камунальнік» адправіць у вёску.

Пытанне ацяплення: як устанавіць электракацёл? Дарэчы, гэта пытанне прапрацоўвалася раней, звяртацца жадаючым (а іх некалькі ў Вялікім Боры) патрэбна ў РЭС.

Хвалююцца жыхары, каб не зачынілі аптэку ў вёсцы. Кіраўнік раёна запэўніў, што такіх планаў няма. Яшчэ грамадзяне пыталіся аб зносе застаўшагася ад дома падмурка, навядзенні парадку на могілках у былым населеным пункце Старч, чэргах на праходжанне ўльтрагукавога даследавання ў ЦРБ.

Старшыня райвыканкама даручыў адпаведным службам дакладна разабрацца ў кожнай сітуацыі і дапамагчы тым, хто звяртаўся за дапамогай.

Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *