Ціхае шчасце  Наталлі Шарапы

Сельское хозяйство

«Калі хочаш хоць чаго-небудзь дабіцца, трэба паказваць перш за ўсё прыклад самому», – гэтыя словы належаць таленавітаму пісьменніку, земляку Івану Мележу.

Дадзенае выказванне поўнасцю раздзяляе і наша гераіня Наталля Шарапа, якая 37 гадоў ударна працавала ў КСУП «Імя І.П. Мележа». Пачынала цялятніцай, а затым (34 гады) – аператарам машыннага даення. Вось як тры гады назад жанчына закончыла прафесійны шлях, цяпер адпачывае.


Першы раз яна паспрабавала падаіць карову ў дзяцінстве. І, на здзіўленне, адразу атрымалася, пайшлі струменьчыкі малака. А ў старэйшых класах юная даярка нават падзарабляла летам на цукеркі. Тады ж яшчэ не было апаратаў, прыходзілася ўручную даіць. У дальнейшым ферма для жанчыны стала як дом родны, бо там яна праводзіла большасць свайго часу. Раніца, дзень, вечар, ноч, зіма, вясна, лета, восень – так і праходзіла працоўнае жыццё Наталлі Аўрамаўны.

«Раней у асабістай гаспадарцы трымала дзве каровы. Помню, што здавала малако, у сям’і ж грошы лішнімі не бываюць. Увогуле малако тады любіла піць, бо з-пад сваёй каровы яно самое смачнае, а якія бліны выходзілі добрыя з яго. А вось куплёнае зусім не падабаецца», – адзначае Наталля Шарапа.

Заўсёды з цеплынёю наша гераіня ўспамінае сваіх калег у сельгаспрадпрыемстве. Кажа, такія людзі, як мележаўцы, ніколі не падвядуць, заўсёды дапамогуць. Ведала, што як здарыцца якая бяда, то яны прыбягуць і суцешаць. І Зоя Блізнец, і Тамара Роганава, і Таццяна Касцючэнка – з такімі напарніцамі жанчыне было зручна і камфортна працаваць.
Увогуле КСУП «Імя І.П. Мележа» не адзінае месца работы Наталлі Аўрамаўны. У Мазыры працавала тынкоўшчыкам, а потым на хімбазе ў Калінкавічах. А калісьці марыла зусім аб другой рабоце, аднак крыху балаў не хапіла: хацела друкаваць газеты. Ці шкадуе, што сколькі гадоў яна аддала сельскай гаспадарцы? Ні на хівіліначку не пашкадавала, сказала гераіня.

Летам жыве ў аграгарадку Глінішча, на зіму пераязжае ў райцэнтр у кватэру. Дзеці часта прыходзяць у госці. Увечары прагулка па гораду. Вось яно ціхае шчасце Наталлі Шарапы.

Вікторыя МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *