З Беразіно ў Хойнікі на працу

Сельское хозяйство

Для эканаміста Анастасіі Савіцкай за паўгода працы КСУП «Аравічы» стаў ужо практычна родным. Прынялі добра, растлумачылі працоўныя абавязкі, увялі ў курс спраў.

Анастасія – ураджэнка горада Беразіно, што ў Мінскай вобласці. Закончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «Маркетолаг-эканаміст», па размеркаванню прыехала працаваць да нас на Хойнікшчыну. Кажа, што пра наш раён раней не ведала, але было цікава паехаць на Гомельшчыну, пазнаёміцца з Хойніцкім раёнам, яго людзьмі.

Маладога спецыяліста адразу ж забяспечылі жыллём непадалёку ад месца працы, што вельмі зручна: не трэба марнаваць час на дарогу.

«Галоўнае ў маёй працы, вядома ж, разлік неабходных выдаткаў і сродкаў на патрэбы гаспадаркі, прыбытку ад вырабленай сыравіны, а таксама пошук і распрацоўка шляхоў і метадаў агульнай працы ўсяго калектыву, пры якой дасягаецца найбольшы прыбытак пры меншай колькасці выдаткаў. Я толькі яшчэ ў самым пачатку свайго прафесійнага шляху, і ўвесь час вучуся, самаўдасканальваюся, пераймаю вопыт у старэйшых калег і прымаю любую дапамогу», – падзялілася Анастасія Савіцкая.

Нягледзячы на працоўную загружанасць, малады эканаміст стараецца кожны дзень адкрываць новыя гарызонты сваіх здольнасцяў. Да пераезду на Хойнікшчыну 3 гады захаплялася ігрой на гавайскай гітары. Зараз з задавальненнем іграе любімыя песні ўжо на акустычнай гітары. Вольны час стараецца праводзіць з карысцю. Дзякуючы магчымасцям, якія дае сёння інтэрнэт, Анастасія Савіцкая самастойна вучыць англійскую і нямецкую мовы.

І няхай не заўсёды лёгка ў працы – вопыту практычнага пакуль мала, але энергія і жаданне ўсё даведацца дапамогуць маладому спецыялісту Анастасіі Савіцкай.                                      

Алег ЗУБОК.  Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *