Этнаграфічны куток «Спадчына» ў Стралічаўскай сярэдняй школе існуе з 2004 года.
Вядзе работу ў ім настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Дыгун, якая разам з дзецьмі праз рэчы не толькі адраджае традыцыі нашай мясцовасці, але і фарміруе ў вучняў любоў да роднага слова.
– Гэты куток мы стваралі ўсёй школай – ад вучня да тэхработніка. Прыносілі і прывозілі рэчы, якія знаходзілі ў бабуль і дзядуль, – расказвае Святлана Мікалаеўна. – Вельмі шмат рэчаў перадала ў этнаграфічны куток Надзея Дыгун, жыхарка вёскі Высокае.
Экспанаты выкарыстоўваюцца на адкрытых і пазакласных мерапрыемствах, на ўроках. Калі чакаецца масавае мерапрыемства, то нават усё з кутка пераносіцца ў клас, тады ён становіцца сапраўднай сялянскай хатай, у якой хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальных уборах вітаюць гасцей. У нашай школе стала ўжо традыцыяй праводзіць штогод такія народныя святы, як «Калядкі», «Масленіца», «Дзяды» «Пакроўскія пасядзелкі». Гэта дазваляе акунуцца ў гісторыю нашага краю, узгадаць, якім раней было жыццё на Хойнікшчыне.
Экскурсіі ў этнаграфічным кутку праводзяць экскурсаводы – я і мая аднакласніца Дзіяна Арцем’ева. У гэтым годзе мы заканчваем школу, таму нам на змену прыйдуць новыя экскурсаводы.
Святлана Мікалаеўна пачынае рыхтаваць да гэтай дзейнасці сваіх вучняў з пятага класа. За год дзеці знаёмяцца з рэчамі, з «прафесіяй» экскурсавода, вывучаюць тэрміны, акунаюцца з галавою ў побыт нашых продкаў. І ўжо ў шостым класе свабодна вядуць экскурсію для вучняў пачатковых класаў.
Экскурсія пачынаецца яшчэ ад дзвярэй прыгожымі вершаванымі радкамі, а пасля экскурсавод прапануе ўсім уявіць, што яны ўваходзяць у хату, дзе жылі іх прадзеды. І ўжо ад печы з гаршкамі і чыгункамі, глечыкамі і вілкамі яны падрабязна вядуць аповед пра жыццё продкаў, пра рэчы, якімі даўно не карыстаемся, але яны ўяўляюць практычна-гістарычную каштоўнасць. Цікавасць у наведвальнікаў выклікаюць кросны, сукала, калаўрот. Многія іх тут бачаць упершыню, бо гэтыя рэчы калі і ёсць у прабабуль вучняў, то захоўваюцца высока на гарышчах.
Так, праз рэчы з бабулінага куфэрка, мы садзейнічаем выхаванню ў вучняў павагі да гісторыі сваёй краіны, да спадчыны нашых продкаў і роднага слова.
Ганна Калініна, юнкар.
Фота аўтара.