«Адхапіў» абноўкі

Сельское хозяйство

– Два месяцы таму новенькі трактар «адхапіў», а цяпер яшчэ і касілку?

Добры давер маеш, калі ў гаспадарцы «свежую» тэхніку і агрэгаты ў твае рукі аддаюць, – вітаюся з Віктарам Сяргеенкам, які спыніў «Беларуса» на ўскрайку поля каля вёскі Звяняцкае.

А ён з усмешкай гаворыць:

– Чаму не папярэдзіла, што будзеш фатаграфаваць трактар, я б новыя шторы павесіў, як раз учора набыў.

І дадаў: «Толькі не пішы пра гэта». Ну, як жа я не напішу, калі такая шчырасць – самы «смак» публікацыі.

У Віктара да ўсяго гаспадарскі падыход, на якой тэхніцы б ні працаваў. Цяпер ён косіць траву і люцэрну – здробненая маса звозіцца ў свежым выглядзе на фермы. Сняданкі і абеды з зялёнай прыпраўкай добра паядаюцца жывёлай. Цікаўлюся пра абноўку – касілку КР-2,8. Механізатар адзначыў, што яна добра паказвае сябе ў рабоце. Невялікая маса дазваляе значна паменшыць ціск на глебу і лепш капіраваць ўсе яе няроўнасці.

Віктар Сяргеенка – работнік добры, умелы, працуе з імпэтам. І з трактарам, і з камбайнам, на які ў канцы месяца перасядзе, ён на «ты» – разумее тэхніку, як чалавека. І хаця журналісцкія словы «працуе ад світання і да змяркання», здаецца, набілі аскоміну сваёй шаблоннасцю, але кожны раз так хочацца падкрэсліць няпросты графік сельскай працы. А яшчэ мне больш за ўсё падабаецца, што, нягледзячы на ўсю напруджанасць, вяскоўцы не страчваюць аптымізму і душэўнай цеплыні. Да таго ж яны вельмі сціплыя. Давялося паўгаворваць механізатара сфатаграфавацца на прыгожым зялёным палявым фоне перад тым, як «адпусціць» на новы круг.

Ведаеце, нягледзячы на халодны пачатак чэрвеня, тут, на палетках, ужо можна адчуць подых лета. А адпаведны настрой стварае блізкі сэрцу пейзаж – буслы, васількі і гэты непаўторны пах…

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *