Пяцелька за пяцелькай ды нітачка за нітачкай. Раней вязалі і шылі адзенне ўмелыя рукадзельніцы значна больш.
У былыя часы модна было мець арыгінальнае і непаўторнае адзенне з рознымі малюнкамі і мастацкай вышыўкай. Модніцы розных эпох шылі вопратку на заказ у знакамітых майстроў, многія вучыліся спраўляцца з ніткай і іголкай самі, асабліва ў часы, калі знайсці ў магазінах прыгожае, якаснае аддзенне было праблематычна.
З цягам часу змяніліся тэхналогіі вытворчасці і матэрыялы вырабаў, але самае галоўнае – людская працавітасць – засталася нязменнай. Швачка – прафесія сціплая, але любая жанчына ведае, наколькі важная. Ад дакладнасці рухаў швачкі залежыць, ці будзе сукенка ўпрыгожваць яго ўладальніцу: адзін няправільны шывок – і сілуэт няўлоўна зменіцца.
Гэта добра ведае швачка 4 разраду фабрыкі мастацкіх вырабаў Аксана Казлова. Па заканчэнні Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 230 лёгкай прамысловасці Аксана атрымала спецыяльнасць «закройшчык пятага разраду», «кравец чацвёртага разраду», «прыёмшчык заказаў». Вось ужо 12 гадоў працуе на фабрыцы мастацкіх вырабаў. Як яна жартуе пра свае абавязкі: «Дапамагаю грамадству апранацца». А на самой справе так і ёсць.
«Добрасумленна выконваць сваю працу – гэта, як у любой справе, самае галоўнае і ў нашай. Калі работа прыносіць задавальненне, тады і працаваць лягчэй, – расказвае Аксана. – Зараз у асноўным шыем спецадзенне, напрыклад, касцюмы для леснікоў, а таксама пасцельныя і сталовыя камплекты. Калі пачаўся перыяд абвастрэння інфекцыйных захворванняў, узялі курс на пашыў масак».
Для таго каб быць добрай швачкай – вышэйшая адукацыя непатрэбна. Больш неабходны адказнасць, уважлівасць, цярпенне, каб доўгімі гадзінамі выконваць карпатлівую работу. А наяўнасць мастацкага і эстэтычнага густу, канешне, лепшы дадатак. Усімі гэтымі якасцямі і валодае Аксана. Дарэчы, абавязкі напрамую залежаць ад разраду спецыяліста. У Аксаны – 4 разрад. Гэты ўзровень кваліфікацыі дазваляе выконваць такія віды работ, якія непадуладныя маладым спецыялістам.
Алег ЗУБОК.
Фота аўтара.