«Александрыя збірае сяброў» – пад патранатам ЮНЕСКА

Новости страны

Свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») у Шклоўскім раёне сёлета пройдзе пад патранатам ЮНЕСКА.

З такой прапановай выступіла міжнародная арганізацыя. Міністэрства культуры Беларусі падтрымала прапанаваную ідэю.

Патранат – гэта вышэйшая форма маральнай падтрымкі з боку ЮНЕСКА, за якую арганізацыя не нясе ні фінансавай, ні юрыдычнай адказнасці. Патранат прадастаўляецца толькі на пэўны прамежак часу для мерапрыемстваў, якія праводзяцца аднаразова або рэгулярна.

Патранат усталёўваецца для розных відаў дзейнасці: вытворчасць кінафільмаў і іншай аўдыёвізуальнай прадукцыі, публікацый, прысуджэнне прэмій, правядзення кангрэсаў, нарад і канферэнцый. А таксама для мерапрыемстваў, якія праводзяцца на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

У гэтым годзе на свяце ў Александрыі ўсе раёны Беларусі і горад Мінск прадставяць свае экспазіцыйна-тэматычныя падворкі, дзе госці змогуць атрымаць асалоду ад брэндавых фестываляў, творчых конкурсаў і пленэра, іншых мерапрыемстваў, якія адлюстроўваюць унікальны вобраз кожнай вобласці. Будуць прадстаўлены гісторыка-культурныя каштоўнасці, традыцыйныя рамёствы і стравы кожнага рэгіёну.

У гэтым годзе адной з галоўных асаблівасцяў фестывалю стане правядзенне падчас «Александрыйскага кірмашу» свята народнага касцюма. Кожны рэгіён пакажа сваё традыцыйнае ўбранне і раскажа пра яго вытокі і традыцыі.

Традыцыйна падчас «Купалля» будуць праходзіць разнастайныя віктарыны, конкурсы і розыгрышы латарэй. На тэрыторыі фестывалю будуць працаваць тэматычныя атракцыёны і фотазоны. Запланаваны тэатралізаваныя паказы, выступленні самадзейных і прафесійных калектываў і вакалістаў. Паміж інтэрактыўнымі пляцоўкамі абласцей размесцяцца цэнтры па народных рамёствах, дзе можна будзе ўбачыць працы лепшых майстроў Беларусі.

У выставачных экспазіцыях для гасцей свята арганізуюць «Калідор эпох», дзе будуць прадстаўлены сярэдзіна XIX, канец XX і XXI стагоддзі. Жадаючыя змогуць пазнаёміцца з укладам жыцця кожнай з эпох і паўдзельнічаць у інтэрактыву і майстар-класах: распілоўцы дроў, пляценні кошыкаў, швейным майстэрстве. Пройдзе выстава апошніх навуковых і селекцыйных дасягненняў устаноў вышэйшай адукацыі.

Будуць працаваць і забаўляльныя пляцоўкі, выставы-продажы розных вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога і тэхнічнага мастацтва, прадукцыі ўласнай вытворчасці, кандытарскіх вырабаў. Свята «Купалле» плануецца правесці ў аграгарадку Александрыя 11-12 ліпеня.

Падрыхтавала Алена СМУСЯНОК.

Фота belta.by



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *