Ёсць нагода ганарыцца малой радзімай і краінай у цэлым

Власть

Па натуры старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар не кабінетны чалавек, таму яе часцей можна сустрэць у якой-небудзь вёсцы ці на прадпрыемстве.

Iдзе яна на фермы, у цэхі, цiкавiцца работай i клопатамі хайнічан. Прысядзе на лавачцы пагутарыць з бабулькамі, ці дзесьці па дарозе прыпыніцца, распытае ў моладзі пра справы. І заўсёды ў сваім блакноце запiсвае новыя задумкi, праблемы, пытанні, прапановы, адрасы і тэлефоны.

Таму большасць вяскоўцаў ведае асабіста, ведае, што іх хвалюе, а некаторых нават пазнае па голасе. На прамую лінію трапіў званок – яна толькі падняла трубку і стала відавочна, што адразу зразумела аб чым пойдзе гаворка. «Добры дзень. Канешне, даражэнькая, памятаю Вашу просьбу. Не хвалюйцеся, абяцаю, што РЭС дапаможа», – пачала гутарку Галіна Віктараўна. Паcля размовы яна патлумачыла, што тэлефанавала жыхарка Храпкава і хацела, каб спілавалі дрэва каля дома. Гэта пытанне знаходзіцца ў яе на кантролі, таму буде вырашана.

А вось наступнае паступіўшае пытанне значна складаней вырашыць. Калі ў вас выпадкова зачыніліся дзверы (да прыкладу, скразняком) выратавальнікі прыедуць не заўсёды. Справа ў тым, што па законе, супрацоўнікі МНС займаюцца аварыйным выкрыццём замкоў у выпадку, калі гэта можа прывесці да надзвычайнай сітуацыі: пажару або калі дзіця пакінута ў кватэры без нагляду. Аднак жыццёвыя сітуацыі бываюць розныя, і вось як паступіць: па інструкцыі, ці па-чалавечы?

Знайсці выйсце – унесці пэўныя прапановы аб унясенні змяненняў у нарматыўныя дакументы, якія рэгламентуюць пералік платных паслуг Міністэрства па надзвычайным сітуацыям, – дапаможа Член Савета Рэспублікі Ала Смаляк, якая прыняла ўдзел у ліпеньскім Дні дэпутата. Яна паабяцала дэтальна разабрацца ў гэтай праблеме.

Пасля сумеснага прыёму грамадзян і прамой лініі, сенатар з Галінай Віктараўнай пабывала ў Судкова, дзе яны сустрэліся з мясцовымі жыхарамі. Праязджаючы па аграгарадку, Ала Віктараўна выказала сваё захапленне тым, наколькі прыгожы і ўтульны гэты куточак. Сапраўды ёсць нагода ганарыцца малой радзімай і краінай у цэлым. Дагледжаныя вуліцы, арыгінальнае добраўпарадкаванне, развітая інфраструктура, чыстае блакітнае неба, усмешкі прахожых, смех дзяцей, залацістыя палі…

І прыемна, калі людзі любяць свой край, калі яны неабыякавыя, калі яны выступаюць за развіццё і рух наперад. Адзін з такіх хайнічан уступіў у дыялог з сенатарам. Размова была канструктыўнай з дакладнымі прыкладамі і пазітыўнымі меркаваннямі. Прагучалі прапановы аб пашырэнні прэферэнцый і льгот для прыватнага бізнесу ў невялікіх раёнах, а таксама аб ўнясенні карэктыў у мытнае заканадаўства.

Наогул абмяркоўвалася шмат тэм, але ўсе яны былі аб’яднаны адзінай думкай: Беларусь – прыклад стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Наша краіна за апошнія дзесяцігоддзі дасягнула добрых паказчыкаў у многіх сферах: палітыка, эканоміка, медыцына, адукацыя, культура, спорт. Ала Смаляк расказвала аб дасягненнях у краіне і ў вобласці, а Галіна Бондар, прыводзячы канкрэтныя лічбы, абмалёўвала становішча спраў у нашым раёне. А закончылася сустрэча выказваннем, што наша беларуская прырода такая ж мілая, сціплая, родная, як і людзі, якія жывуць на зямлі пад белымі крыламі. І разам нам пасільна многае.

У той жа дзень Галіна Віктараўна правяла яшчэ адну сустрэчу – з жыхарамі вёскі Дворышча. Ніякіх праблем вяскоўцы не ўзнялі, пагутарылі душэўна аб надзённым, паслухалі інфармацыю, якую расказалі члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы. Дзень дэпутата, як заўсёды, атрымаўся насычаным. А адна хайнічанка адзначыла:

– Галіна Віктараўна заўжды там, дзе патрэбна іншым. Яе працаздольнасць здзіўляе, здаецца, не адпачывае ні пасля работы, ні па выхадных. Падтрымлівае землякоў. І, ведаеце, гэта ўвага каштоўная.

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *