Аб дарожных знаках, лавачках і якасці вады

Власть

Гэтыя і не толькі тэмы былі закрануты жыхарамі горада і раёна падчас жнівеньскага дня дэпутата.

Як заўсёды, у трэцюю сераду месяца старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар правяла прыём грамадзян па асабістых пытаннях і «прамую лінію». Пытанняў было шмат: сумесна з дэпутатамі выслухвалі праблемы, раілі, давалі канкрэтныя парады і тлумачэнні.

Жыхары больш сталага ўзросту папрасілі садзейнічання ва ўстаноўцы лавачкі каля магазіна ААТ «Мілкавіта», што ў раёне «старых» Хойнік. Магазінчык маленькі, а чакаць сваю чаргу людзям часам даволі цяжка, асабліва ў спёку.

Абазначыць належнымі дарожнымі знакамі перакрыжаванне каля царквы, куды вядзе адноўленная дарога ад раённай бальніцы, прасілі аўтааматары.

Звярталіся і па пытанню працаўладкавання. Звярнуўшамуся было прапанавана некалькі працоўных месц, якія заяўлены наймальнікамі. Дарэчы, з актуальнымі вакансіямі можна азнаёміцца ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій (http://gsz.gov.by).

Жыхарка н.п. Казялужжа цікавілася магчымасцю аказання паслуг па догляду за пажылымі грамадзянамі. Дырэктар ТЦСАН Галіна Скачко падрабязна растлумачыла, што можна аформіць такую паслугу, як замяшчаючая сям’я для пажылога грамадзяніна (від сацыяльнага абслугоўвання, калі чалавек або сям’я, якія не з’яўляюцца сваякамі, могуць аформіць догляд за непрацаздольным грамадзянінам пры ўмове сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі) або прыёмная сям’я для грамадзян сталага ўзросту (любы грамадзянін можа запрасіць да сябе ў дом пенсіянера сталага ўзросту для пражывання і па ўзаемнай дамоўленасці клапаціцца аб ім).

Былая жыхарка н.п. Амелькаўшчына, якая зараз пражывае ў Светлагорску, С.В. Якіменка выказала падзяку жыхарам Хойнікшчыны за тое, што захоўваем раён чыстым і прыгожым, што падтрымліваем у парадку могілкі, у тым ліку і ў былых населеных пунктах, і заклікала ўсіх берагчы адзін аднаго.

Дырэктар ЦБП № 326 ААТ «АСБ Беларусбанк» Таццяна Кужаль праінфармавала, што на магазіне «Дары от «Зари» (дзе зараз актыўна праводзяцца рамонтныя работы) будзе ўстаноўлены новы сучасны банкамат, што дазволіць зняць напружанасць са зняццем наяўных грошай.

Каля ФАПа ў н.п. Хвойнае прайшла сустрэча з жыхарамі. Галіна Віктараўна праінфармавала аб рабоце дэпутацкага корпусу, пытаннях, якія дэпутаты разглядаюць на сесіях і пасяджэннях прэзідыуму. Падрабязна растлумачыла як фарміруецца бюджэт раёна, з чаго складаецца і на якія галіны размяркоўваецца. Таксама даведзена інфармацыя аб выкананні раённага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўных праграм (іх на тэрыторыі раёна реалізоўваецца 12).

Абмеркавана работа ФАПа ў населеным пункце, жыхары, дарэчы, выказвалі падзяку фельчару Міхаілу Аніскаўцу за ўвагу да іх і неабыякавасць да выконваемай справы.

Узнялі пытанне абсталявання ў вёсцы двух мелкатрубчатых калодзежаў – было дадзена даручэнне КЖУП «Хойніцкі камунальнік», але пакуль не выканана.

Старшыня райсавета дэпутатаў Галіна Бондар заклікала насельніцтва не забываць пра неабходнасць праходзіць дыспансерызацыю, таму што клапаціцца аб здароўі патрэбна пастаянна, а прафілактыка дазволіць пазбегнуць многіх захворванняў.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *