У гэтыя вераснёўскія дні рупліўцы палёў збіраюць плады сваёй нялёгкай працы.
І паралельна клапоцяцца пра будучы ўраджай, будучыя надоі малака і прывагі жывёлы, праводзячы азімую сяўбу і нарыхтоўку кармоў. На гэтым тыдні мы пабывалі на палях КСУП «Судкова» і эксбазы «Стралічава» (у прыватнасці Велікаборскага аддзялення).
Палеткі сустракалі гулам тэхнікі. Палявы «канвеер» працаваў так, што люба глянуць. Робячы фотарэпартаж, пагутарылі з працавітымі, цікавымі механізатарамі. Ведаеце, мне так падабаюцца іх узаемаадносіны: простыя, зразумелыя. Яны не пасуюць перад цяжкасцямі, ганарацца сваёй працай, любяць родную зямлю. Ёсць нешта асаблівае ў іх шчырасці. Заўсёды пагавораць, пажартуюць, пасмяюцца. З імі вельмі лёгка. За размовамі час ляціць непрыкметна і ты сапраўды адпачываеш ад мітусні.
Праязджаючы міма бяскрайніх палёў – з ідэальна выраўненай глебай, з пасевамі, любуешся імі. Выйдзеш з машыны, удыхнеш свежае паветра, акінеш вокам зялёную азіміну, ці высокую сцяну кукурузы… На душы становіцца радасна, і нараджаецца пачуццё гонару. За нашых людзей. Сапраўдных працаўнікоў.
Фотарэпартаж Наталлі РЭВЯКА.