Змайстравалі арэлі, карусель, матацыкл

Общество

Калі я еду фатаграваць добраўпарадкаванне, то ў мяне заўсёды ўзнікае пытанне: а што на гэты раз прыдумалі хайнічане, чым здзівяць зноў?

Так вось менавіта зноў прыемна ўразіла сям’я Міхаіла і Ірыны Міненка, да якіх я адпраўляюся ўжо ў трэці раз. Смяючыся, кажу ім, што я цяпер іх асабісты карэспандэнт.

Адрас той жа: вул. Рэвалюцыйная, 8 райцэнтра. Аднак дзіцячая пляцоўка ў параўнанні з папярэднім візітам занадта папрыгажэла. Расквітнела, як гаворыцца.

Што з’явілася новага каля іх дома? Карусель, дзе штодня забаўляюцца рабяты. А ў доме іх пражывае нямала. Зараз далёка і ездзіць не трэба, каб пагуляць. І скажыце, якое дзяцінства без арэляў? Тут яны таксама ёсць, прычым, дзве. За зварачныя работы адказваў Міхаіл разам з кумам, з матэрыяламі дапамог сябар Алег. А «камандзірскія» работы леглі на плечы жонкі – так жартуе муж. Трубы, падшыпнікі, металапрофіль, балты, гайкі, цэмент, грунтоўка – гэта ўсё спатрэбілася для абсталявання пляцоўкі. Матацыкл змайстравалі, плот у выглядзе каляровых алоўкаў. «Мы не збіраемся спыняцца, мабыць, хутка будзем пашырацца, у плане тэрыторыі. Няма месца, дзе прыладкаваць усе нашы ідэі», – расказвае Ірына Міненка.

А ідэі прыходзяць адна за адной. Напрыклад, нядаўна на пляцоўцы «пасяліліся» пчала, пінгвін і слонік. Калі б мне не сказалі, то я б ніколі не здагадалася, што зроблены яны з пакетаў. Не магу паверыць, што так прыгожа можа быць. Малайцы!

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *