Бліц-апытанне: Беларусь – гэта мы

Наши проекты

Пагаварылі з хайнічанамі і даведаліся, ці змянілася іх жыццё пасля прэзідэнцкіх выбараў, ці абмяркоўваюць яны падзеі ў краіне з роднымі, сябрамі, ці наведвалі мерапрыемствы за мір, стабільнасць, адзінства і росквіт Беларусі.

Мы папрасілі суразмоўцаў расказаць, якія пачуцці яны адчуваюць з-за таго, што адбываецца ў нашай краіне пасля 9 жніўня.

Жанна ЧАРНЯЎСКАЯ:

– Ці хопіць слоў, каб прызнацца роднай зямлі, краіне, землякам у тых пачуццях, якія перапаўняюць мяне? Думак і эмоцый вельмі шмат, складана іх «змясціць» ў фармат бліц-апытання. Таму, каб скараціць сваё меркаванне, не буду разважаць пра палітыку, а лепш падзялюся тым, чым бязмежна ганаруся і што выклікала ў мяне моцныя ўражанні. Я прымала ўдзел у жаночым форуме «За Беларусь», які праходзіў у «Мінск-Арэне». Ведаеце, гэта было шыкоўна! Атмасфера адзінства і згуртаванасці лунала ў паветры, боль і перажыванне за будучыню дзяцей і краіны шчаміла сэрца, а словы і смеласць выступоўцаў (я падпісваюся пад кожным сказаным словам!) пацвярджалі меркаванне простых людзей, з якімі мне даводзіцца мець зносіны штодня.

Незабыўныя ўражанні пакінула і ўрачыстая цырымонія інаўгурацыі нашага Прэзідэнта. Усё было выразна, зладжана, прыгожа, душэўна, велічна і ўзнёсла. Уся абстаноўка, у якой праходзіла інаўгурацыя, выклікала гонар за краіну, за наш народ, за ўладу. Не перадаць словамі, у якой эйфарыі я знаходзілася, я была настолькі шчаслівая, проста слёзы на вачах! Натхненне не праходзіць да гэтага часу.

Я прымаю ўдзел у патрыятычных мерапрыемствах, якія праводзяцца і ў нашым раёне, таму што ў мяне ёсць выразная пазіцыя, пра якую смела заяўляю. Са сцэны, з экрана тэлевізара, са старонак у сацсетках. Я хачу адчуваць сябе бяспечна і камфортна на роднай зямлі. Як і многія, стамілася ад беспарадкаў на вуліцах сталіцы. Як і многія, шчыра перажываю за тое, што зараз адбываецца, і задаюся пытаннямі: навошта гэта ўсё і калі скончыцца? Калі на нашай зямлі зноў запануе спакой.

Ірына ПРЫХОДЗЬКА:

– Адразу ж адзначу, што калі не сачыць за навінамі, асабліва ў інтэрнэце, то нічога асабліва не змянілася пасля 9 жніўня.

Горад у нас спакойны і бяспечны, вечарам можна, як і раней, шпацыраваць без боязі. У жніўні, як і ў мінулым годзе, рыхтавалася да пачатку навучальнага года, бо працую настаўнікам замежных моў. З мужам у нас была агульная пазіцыя за каго аддаць свой голас на мінулых выбарах Прэзідэнта, і мы з цвёрдай упэўненасцю аддалі свой голас за бяспеку, стабільнасць і парадак.

Напэўна, як і ўсе жыхары нашай краіны, мы перажывалі за тыя падзеі, якія адбываліся ў першыя дні пасля выбараў. Беларускі народ заўсёды быў мудрым і міралюбным. Гледзячы на беспарадкі, якія адбываліся ў тыя дні, нам было балюча разумець, што ўсё гэта адбываецца ў роднай нам краіне.

У мінулым месяцы, дарэчы, мы наведвалі мерапрыемства ў падтрымку міру і стабільнасці, якое праходзіла ў нас у горадзе. Мы верым, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які выказаў сваё меркаванне ў падтрымку стабільнасці і ўсяго добрага, што мы стварылі за мінулыя гады нашай незалежнасці, будзе пачуты, і разам мы здолеем прайсці гэтыя цяжкія выпрабаванні дзеля лепшай будучыні нашай з вамі роднай зямлі.

Апытвалі Наталля РЭВЯКА і Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *