Усё залежыць ад нас саміх

Власть

Асабліва ўласнае здароўе. Аб гэтым нагадала старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар падчас сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы райсавета дэпутатаў з работнікамі аддзела адукацыі райвыканкама.

Усю атрыманую інфармацыю кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна давядуць да сваіх калектываў. А абмеркавана было многае.

Работа дэпутацкага корпусу. На дадзены момант на Хойнікшчыне ажыццяўляюць дзейнасць 35 дэпутатаў раённага Савета і 70 дэпутатаў сельскіх Саветаў дэпутатаў. На пасяджэннях презідыуму, пастаянных камісій, чарговых і пазачарговых сесіях разгледжваюцца самыя актуальныя пытанні. Так, напрыклад, у 2020 годзе разгледжана выкананне дзяржаўных праграм (іх 12 рэалізуецца на тэрыторыі нашага раёна). Праводзіцца анкетаванне па якасці медыцынскага абслугоўвання, жыхары маюць магчымасць падчас яго выказаць свае парады і нараканні, па дадзенай тэматыцы пытанне затым будзе разгледжана на прэзідыуме райсавета. Распрацоўваецца перспектыўны план работы райсавета на будучы год.

Фарміраванне бюджэту. З неабходных 47 млн. руб. для жыццядзейнасці раёна мы ўсе «зарабляем» толькі 12, астатняе – гэта субсідыі і трансферты. Галіна Віктараўна праінфармавала, колькі і на якія сферы ідуць сродкі. Абмеркаваны і так званыя чарнобыльскія льготы, якімі карыстаемся ўсе мы. Гэта бясплатнае харчаванне школьнікаў, дапамога маладым спецыялістам пасля адпрацоўкі года, двух, трох, выплата пяцігадовых кантрактаў, бясплатныя і льготныя рэцэпты, будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў, льготы для сельскай гаспадаркі (перазалужэнне зямель, мінеральныя ўгнаенні для зніжэння радыяцыйнай нагрузкі) і інш.

Ахова здароўя. Штогадовая дыспансерызацыя, флюараграфічнае даследаванне, прафілактычныя прышчэпкі – гэта той мінімум медагляду, які кожны чалавек павінен выконваць абавязкова. І не чакаць, каб медыкі або ўласнае здароўе нагадвалі аб гэтым, а памятаць самім. Прытрымліванне здаровага ладу жыцця таксама мае вялікае значэнне.

Радыяцыйная бяспека. Так званыя дары лесу, а хайнічане зараз актыўна заняліся нарыхтоўкай грыбоў, таяць у сабе небяспеку. Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі пастаянна рэгіструе перавышэнні ўтрымання цэзія-137 і стронцыя-90 ў грыбах, ды і іншай дзікарослай прадукцыі.

Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *