Мы – адна краіна, нас не раздзяліць!

Главное

Працягваем публікаваць меркаванні хайнічан наконт сітуацыі ў Беларусі.

Галоўнае, што неабходна памятаць усім, – мы адна краіна, адзін народ, у нас адна будучыня – светлая, мірная, стабільная.

Уладзімір МАРОЗ, ветэран МУС:

– Трэці месяц у нашай
краіне неспакойна, і гэта не можа не засмучаць. Пэўная колькасць людзей, паддаўшыся на абяцанкі і лёгкія грошы, правакуюць іншых грамадзян на сутыкненні, на спрэчкі. Градус агрэсіўнасці ў так званых «мірных змагароў» расце. Але не паддавайцеся, землякі, на правакацыі, думайце самастойна, жывіце сваім жыццём, а не чужымі ідэямі і фантастычнымі планамі. І памятайце, што толькі разам – мірам, працай, перамогамі і дасягненнямі ва ўсіх сферах жыцця – можна будаваць грамадства. Так было і так павінна і застацца.

Марыя КАРЭЛЬСКАЯ, намеснік дырэктара ДЮСШ:

– Здзіўляюць так званыя пратэстныя акцыі і іх удзельнікі: замест таго каб працаваць і вучыцца, займаюцца нават самі не разумеюць чым. Бо нават патрабаванні, якія яны вылучаюць, пустыя. Яны не могуць растлумачыць, навошта бегаюць па вуліцах, навошта перакрываюць рух, яны не ведаюць, якіх пераменаў хочуць, яны не разумеюць, за што іх прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці, бо ў інтэрнэце так прыгожа распісана пра такія дэмаршы і светлую будучыню. Але трэба рэальна глядзець на рэчы, падзяляць інтэрнэт і сапраўднае жыццё. Нарабіць памылак значна прасцей, чым выправіць іх наступствы.

Аксана ЦІШКЕВІЧ, мнагадзетная маці:

– У першую чаргу мы, дарослыя, павінны думаць і клапаціцца пра нашых дзяцей, пра іх будучыню. І быць прыкладам, добрым прыкладам, для іх, паказваючы і прывіваючы ім такія каштоўнасці, як любоў да маці, любоў да краіны, павага да чалавека, да справы, якую ён робіць. У гэты час – у сённяшняй сітуацыі – лічу, што некаторыя проста разгубіліся і забылі пра гэтыя асновы жыцця і чалавечнасці. Але веру, што ўсё вернецца: і спакой, і мір, і стабільнасць. І стане яшчэ лепей у нашай Беларусі. Спыніцеся і ўспомніце, што ніякія рэвалюцыі і войны не вядуць да дабра, як бы прыгожа не ўпэўнівалі ў адваротным.

Ул. інф.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *