Дзень памяці і ўсенароднага смутку.
Агульнае гора і боль. 22 сакавіка Беларусь адзначыла адну з самых жалобных дат у сваёй гісторыі – чарговую гадавіну хатынскай трагедыі.
Падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія адбыліся ў самы нялёгкі для жыхароў нашай краіны час, ахвяр «вогненных вёсак» успаміналі і на Хойнікшчыне, падчас мітынгу-рэквіема на Брацкай магіле.
Да мемарыяла прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, ветэраны, вайскоўцы, пагранічнікі, моладзь і школьнікі, каб схіліць галовы і ўшанаваць памяць бязвінных ахвяр – землякоў і ўсіх беларусаў.
Да ўдзельнікаў мітынгу звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар:
– У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашай краіны былі знішчаныя больш за дзевяць тысяч населеных пунктаў. З іх 186 не былі адноўлены. Кажучы пра тыя падзеі, хачу нагадаць, што кожны трэці беларус загінуў у гэтай бязлітаснай вайне. Дзякуючы ім сёння ў нас ёсць магчымасць працаваць, радавацца жыццю і будаваць нашу з вамі моцную і незалежную краіну. Наш народ абараніў свабоду, але ахвяр нацызму было шмат.
Пасля хвіліны маўчання жалобны граніт упрыгожылі жывыя кветкі. Удзельнікі мітынгу з глыбокім смуткам схілілі галовы ў памяць пра землякоў, якія прынялі пакутніцкую смерць дзеля жыцця на зямлі.
Пасляваеннае пакаленне заўсёды будзе памятаць пра загінуўшых у фашысцкай няволі. А наша памяць – гэта залог таго, што падобныя жахі ніколі не паўторацца.
Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтара.