– Пачну з таго, што мы з маёй калегай – парламентарыем Вольгай Крэч прыдумалі ініцыятыву пад назвай «Беларуская Адысея» і гэтай паездкай далі ёй старт. Ідэя ў тым, каб у вольны час убачыць і паказаць тое, што нас, беларусаў, аб’ядноўвае. Гэта наша гісторыя, культура, традыцыі, памяць. Мне здаецца, што ў Год народнага адзінства гэта вельмі актуальна. Заклікаем наведваць і дзяліцца ў сацыяльных сетках фатаграфіямі з падарожжаў па роднай краіне – нашай цудоўнай, любімай Сінявокай. Дзяліцца ўражаннямі аб знаёмых і родных кутках, а таксама аб новых і нязведаных месцах. Гэта могуць быць прыродныя і архітэктурныя помнікі, аб’екты рэлігійнага, навуковага і іншага прызначэння. Любыя тварэнні прыроды і чалавека, усё, што блізка сэрцу. Тым больш, што ў нашай краіне ёсць што паглядзець – за чвэрць стагоддзя зроблена вельмі шмат.
У першую паездку мы вырашылі адправіцца ў Музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула». Ён знаходзіцца ў шасцідзесяці кіламетрах ад сталіцы. Ведаеце, гэта проста нешта неверагоднае! Сапраўднае падарожжа ў часе.
Толькі ўявіце: праходзячы мост, які сімвалічна злучае сучаснасць з мінулым, і затрымаўшыся на імгненне, адчуваеш, быццам бы сам час вяртаецца назад, адлічваючы стагоддзе за стагоддзем, эпоху за эпохай…
Ідучы па маршруце – імправізаванай спіралі часу, апынаешся каля старажытнага кромлеха, адкуль пачынаецца гісторыя ўсіх беларусаў. Па меры пагружэння ў летапісную гісторыю нашай роднай зямлі, пачынаеш адчуваць, як сціраецца грань паміж матэрыяльным і духоўным светам, адраджаецца сувязь з продкамі і велічным мінулым.
Больш за пятнаццаць гадоў літаральна па крупінках аднаўлялі з руін гісторыю гэтага выдатнага месца, клапатліва складаючы камень да каменя. Старанна працавалі, каб стварыць унікальны, які не мае аналагаў у свеце, Парк гісторыі «Вялікае княства Сула».
На ландшафце парку размешчаны найбольш значныя гістарычныя вехі беларускай гісторыі. Менавіта тут, на беразе паўнаводнай Сулы, 500 гадоў да Нараджэння Хрыстова пасяліліся нашы продкі, стварылі сваё гарадзішча, будавалі дамы, маліліся старажытным багам. Ішоў час, з’яўляліся першыя гарады і княствы, а Сула стала Каралеўскай. З’яўлялася навука і адукацыя, гандаль, расла і воінская доблесць, дасягненні вялікіх асветнікаў славілі на ўвесь свет наш народ. Пераадольваючы войны і ўзрушэнні, яны ведалі і верылі, што за цёмнымі часамі заўсёды рушаць услед светлыя. Нашы продкі потам і крывёю ўладкоўвалі наш цяперашні дом – Беларусь.
Комплекс «Сула», які некалі пабудавалі і якім валодалі на працягу больш за 150 гадоў прадстаўнікі шляхецкага роду Ленскіх, зачароўвае наведвальнікаў. Ён уражвае фарбамі прыроды і старадаўнімі пабудовамі, якія атрымалі пасля рэстаўрацыі сучаснае прызначэнне, але і захавалі абаянне ранейшых архітэктурных формаў. Інтэрактыўны фармат экскурсіі дазваляе ператварыцца з пасіўнага слухача ў актыўнага ўдзельніка. Да прыкладу, мы прымалі ўдзел у майстар-класах па ганчарству і апрацоўцы камянёў, а таксама паспрабавалі свае сілы ў кіданні копій і сякер, пачаставаліся хлебам і сырам. А яшчэ зрабілі мноства фатаграфій на фоне каларытных пабудоў на прыгожай тэрыторыі.
Адзначу, што рэжым працы комплексу зручны: працоўныя дні – серада, чацвер, пятніца, субота і нядзеля. Выхадныя – панядзелак і аўторак. Што дазваляе арганізаваць выдатны ўікэнд. З Мінска можна дабрацца на аўтобусе 287/287а «Мінск-парк Сула», адпраўленне ад станцыі метро «Малінаўка». Кошт уваходнага білета –15 рублёў.
Мне вельмі спадабалася, што экскурсавод і майстры гавораць выключна на нашай мілагучнай беларускай мове. Наогул атрымалася вельмі займальная і душэўная экскурсія. У маёнтка «Сула» сапраўды магічная энергетыка. Магчыма, справа ў былых уладальніках выдатнага і загадкавага месца, але пасля першага наведвання туды хочацца вярнуцца зноў. Мы там прабылі пяць з паловай гадзін, але час праляцеў зусім непрыкметна.
Мяне ў чарговы раз перапаўняў гонар за наш народ. Мы маем сваю ўласную вялікую гісторыю. Давайце расказваць дзецям, хто мы такія, якімі вялікімі і бясстрашнымі былі нашы продкі. Памятаць гісторыю і шанаваць тое, што мы маем. І як мага больш падарожнічаць (абавязкова наведайце і гэты парк), адкрываючы для сябе нашую самую лепшую ў свеце краіну!
Запісала Наталля РЭВЯКА.