11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
18 мільёнаў чалавек прайшлі праз гэтыя лагеры ў час Вялікай Айчыннай вайны, 11 мільёнаў з іх загінулі.
У памяць аб тых, хто не вярнуўся, пра тых, хто выжыў, на Хойнікшчыне адбыўся мітынг каля памятнага знака на месцы расстрэлу мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Удзел у памятным мерапрыемстве прынялі ветэраны працы, прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, школьнікі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар адзначыла, што мір на зямлі залежыць ад кожнага, ад нашага ўмення шанаваць не толькі матэрыяльныя даброты, але і такія простыя рэчы як чыстае неба, мірнае жыццё, магчымасць вучыцца і працаваць.
А старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Віктар Васькевіч, звяртаючыся да моладзі, заклікаў іх памятаць і шанаваць значнасць Перамогі, паважаць памяць загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай, у канцлагерах, у партызанскіх атрадах, расстраляных і закатаваных і ніколі ёй не здрадзіць.
Хвілінай маўчання ўшанавалі гэтую журботную дату.
Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.