Мабільная група райвыканкама праманіторыла дзіцячыя пляцоўкі і месца для адпачынку па вул. Лермантава, наведала МТФ «Валокі» і МТФ «Забалацце» КСУП «Судкова».
Наведалі гарадскі парк. Лавачкі зламаныя. Ні сораму ў тых, хто гэта зрабіў, ні розуму – самім жа сядзець недзе трэба будзе.
На дзіцячай пляцоўцы пачынілі арэлю, але як? Прыкруцілі сядзенне пры дапамозе нейкай жалезнай пласціны з вострымі вугламі. Адно выправілі, але ці не параніцца аб гэтую жалезіну дзіця? Чаму ж так адносімся да абавязкаў? Абы зрабіць – такога падыходу быць не павінна.
Далей накіраваліся на МТФ «Валокі», таксама ёсць парушэнні. У падлозе выбоіны і няроўнасці. Аптэчка не ўкамплектавана. Каналізацыйныя калодзежы зачынілі, але трухлявымі дошкамі, націснеш і можаш зваліцца. Асаблівую ўвагу варта надаць першасным сродкам пажаратушэння і абсталяваць месцы для курэння ў адпаведнасці з патрабаваннямі.
На МТФ «Забалацце» падобная сітуацыя. Акрамя таго, адсутнічае неабходны камплект інструкцый па ахове працы па прафесіях і відах работ. У бытавых памяшканнях на асвятляльных прыборах адсутнічае ахоўная арматура.
Па вуліцы Лермантава каля вадасховішча тэрыторыя пакошана, але каля лавачак недакасілі, падысці да іх амаль немагчыма. Альтанкі для адпачынку цэлыя. Абсталяваны парасоны ад сонца, толькі яны амаль не абараняюць ад падзення сонечных прамянёў. Тады для чаго яны? Каб даць справаздачу перад кіраўніцтвам? Клопат пра чалавека павінен стаць першараднай задачай.
І. ГРЫГАРОВІЧ, начальнік аддзела па пытаннях ЗСПА ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.