Чыстая эстафета ад сельсаветаў – прымайце, гараджане

Добраўпарадкаванне

Адразу адзначу, што гэты матэрыял павінен быў быць напісаны крыху ў іншым фармаце і называцца «Навіны сельсаветаў».

Але калі пачала абзвоньваць старшыняў, упраўляючых справамі сельвыканкамаў, то высветлілася, што «навіна» ў іх адна на ўсіх – работы ў рамках традыцыйнага для восені месячніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, які праходзіць у нашым раёне па 15 лістапада.

І гэта сапраўды так, паверце. У іх агульным чаце ў Viber – сотні фотаздымкаў, якімі яны абменьваюцца ў працэсе і па заканчэнні працы.

Ачыстка тэрыторый ад апалага лісця і смецця, пасадка дрэў, высечка залішняй расліннасці, навядзенне санітарнага парадку і ўсталёўка агародж на могілках, афарбоўка – здаецца, што яны не прыпыняюцца літаральна ні на хвіліну. Менавіта на такой згуртаванасці людзей, іх гаспадарлівасці і неабыякавасці, рабоце ў камандзе ўсіх структур, якія працуюць на тэрыторыі таго ці іншага сельсавета і трымаюцца любыя справы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў.

Звыклыя восеньскія клопаты, штогадовыя, сезонныя… Нібыта і радавыя, штодзённыя, а такія важныя. Парадак. Ён залежыць ад усіх нас і ад кожнага паасобку. І гэта трэба цвёрда ўсвядоміць. У адваротным выпадку зрухаў да лепшага не будзе, бо, згадзіцеся, не ў сілах адной жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыбраць за кожным. Клопатаў у гэтай арганізацыі і так хапае. Таму за парадак трэба брацца кожнаму. Давайце пачнём з вуліцы, што каля нашага дома, з тэрыторыі арганізацыі, дзе працуем – давайце не будзем дзяліць на «маё» і «не маё», бо ўсё тут «наша».

Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *