Здаецца, што заезджанымі эстраднымі песнямі і адкрытай сукенкай не здзівіш сучасных гледачоў.
Асабліва на папулярных музычных фестывалях. А памятаеце, як Буранаўскія бабулі ўзялі прызавое месца на конкурсе «Еўрабачанне»? Вось-вось. Самабытнасць заўсёды была ў модзе. Унікальных ансамбляў можна пералічыць на пальцах. У Хойніках адзін з такіх калектываў – народнае аб’яданне «Спадчына» Цэнтра культуры.
Нашы абаяльныя зямлячкі таксама мараць аб «Еўрабачанні», ці хаця б патрапіць на «Прамы эфір» да Андрэя Малахава. Вельмі ж хочуць туды. Прызналіся, што беларускі Х-фактар глядзяць, балеюць там за ўдзельніцу з Гомеля і за прыгожага вясковага хлопчыка.
Хаця на тэлебачанні яны ўжо былі – на абласным. Як-ніяк ужо амаль 35 гадоў «Спадчына» дае жару публіцы (як кажуць самі салісты). Ды і гэта можна прасачыць па іх канцэртнаму турнэ – былі гастролі пад Мінскам, у Мазыры, Брагіне, Калінкавічах, Лоеве, Гомелі, Нароўлі, Жыткавічах. У нашым раёне яны сапраўдныя зоркі на мерапрыемствах.
Камандзір «батальёну», дзе толькі адзін мужчына, непараўнальная Лілія Краўчанка. Тут як у арміі: сказала збірацца выступаць у тры гадзіны, значыць у тры яны гатовы. Сказала Лілія Уладзіміраўна намаляваць усім губы і зрабіць прычоскі – каманда выканана. Аднак тут салісткі самі за сабой справу ведаюць, прыбіраюцца на сцэну так, што яшчэ і стылісты могуць пазайздросціць.
– Скажыце, а што ў вас у райдары? Гэта такі спіс умоў.
– Нам галоўнае, каб вада была чыстая піць. Дарэчы, ведаеш, для галасавых звязак у мяне ёсць рэцэпт настойкі. Трэба сырое яйка, па лыжцы масла, мёда і 50 грам каньяку абавязкова, – уступіла ў размову Людміла Юкко.
Падчас нашай бяседы яны не вытрымалі, бо іх душа прасіла песню: «Кучаравая бярозка на яр пахілілася. Які міленькі быў гарны, я ў яго ўлюбілася». Паміж маімі пытаннямі яе мне спявалі.
У калектыве, які складаецца з 11 чалавек, ёсць і прапаршчык Шматко. Такое прозвішча назначылі Галіне Сцяпанаўне. Як вы зразумелі, яна адказная тут за жарты.
– Колькі песен ведаеце?
– Каля мільёна точна. Не пералічыш. Спяваем і пра агранома, і пра каханне, і пра ўсё на свеце. Не, пішы, што тысячу ведаем.
– Доўга вучыце словы?
– Можам за тыдзень. Бывае, што можам забыць, які радок, на сцэне. Аднак, выкручваемся так, што ніхто нават не зразумее, што мы штосьці забылі.
Слухаю іх і разумею, што музычны «смак» у іх розны. Нават добра ў маладзёжнай «папсе» разбіраюцца. Напрыклад, ведаюць, хто такі Дзіма Білан, Даня Мілохін, Элджэй і Моргенштэрн. А так у іх топе Кіркораў, Баскаў, Доліна, Малінін, Рафаэль.
– Раскажыце, хто вашыя паклоннікі?
– У мяне дык мой муж. Я яму дома спачатку спяваю ўсе песні, мне ж патрэбна каб ён паслухаў. Муж потым пачынае: «Ганна, голас сарвеш». Ён ніяк не разумее, што я яго такім чынам наадворот размінаю, – усміхаючыся, кажа Ганна Атрошчанка.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.